Рух "За Аўто" праводзіць чарговую акцыю "Стоп-бэнзін"

Аргкамітэт руху "За Аўто" 11 cакавіка даў старт чарговай акцыі супраць павышэньня цэнаў на паліва — "Стоп-бэнзін 2".

Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў старшыня аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб'яднаньня "За Аўто" Арцём Шаркоў. "Акцыя носіць бестэрміновы характар, пакуль ніякіх часавых абмежаваньняў мы ня ставім", — сказаў ён.

Ініцыятары акцыі "Стоп-бэнзін 2" сабралі ў першы дзень 30 подпісаў пад зваротам, які сёньня будзе накіраваны ў шэраг дзяржаўных структур.

"Людзі выказалі незадаволенасьць у сувязі з павышэньнем адпускных цэнаў на паліва, — паведаміў старшыня аргкамітэту, — таму мы вырашылі пачаць другую акцыю "Стоп-бэнзін". Сёньня мы падрыхтавалі зварот у Белнафтахім, адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў, у якім абгрунтоўваем немэтазгоднасьць гэтага павышэньня і патрабуем зьніжэньня цэнаў на паліва, прад'яўленьня нам калькуляцыі фармаваньня цаны і патрабуем пазбавіць Белнафтахім манапольнага права на рэгуляваньне цэнаў".

Лідэр "За Аўто" выказаў надзею, што зварот прыцягне ўвагу дзяржаўных органаў і Белнафтахіму і падштурхне іх да дыялёгу. У адваротным выпадку, сказаў ён, акцыя "Стоп-бэнзін 2" будзе праводзіцца "больш актыўна і ярка, набудзе новы фармат".

Шаркоў адзначыў, што "патрабаваньні носяць, магчыма, завышаны характар", аднак "калі не прасіць па максымуме, то не атрымаем нічога". Паводле яго слоў, пра "пэўную эфэктыўнасьць" першай акцыі "Стоп-бэнзін", якая адбылася на пачатку чэрвеня 2010 году, сьведчыць той факт, што кошт паліва не павышаўся дзевяць месяцаў.