Натальля Ільініч: Праўда на маім баку, але якім будзе прысуд?

Натальля Ільініч

9 сакавіка ў Пухавіцкім раённым судзе пачаўся разгляд пазову былой настаўніцы гісторыі Натальлі Ільініч да адміністрацыі Талькаўскай школы. Настаўніца дамагаецца, каб яе аднавілі на працы.

Натальля Ільініч, вядомая ў раёне грамадзкая актывістка, удзельніца некалькіх выбарчых кампаній, мяркуе, што яе звольнілі з палітычных прычынаў. Гэта абвяргае дырэктар школы Натальля Меркуль. Працэс ішоў да вечара 9 сакавіка. У вечаровым перапынку я стэлефанаваўся з Натальляй Ільініч:

«Праўда, відаць, на маім баку, але якім будзе прысуд? Ня ведаю. Сьведкі мае выступілі, усе добра казалі. Казалі, што я добры настаўнік, нармальны настаўнік. Занадта, як мяркую, мяне нават нахвалілі. А дырэктар казала, што я дрэнны настаўнік, недысцыплінаваная. Што нізкая выканаўчая дысцыпліна ў мяне. Прынесла за апошнія 10 гадоў паперы, дзе былі заўвагі па вядзеньні журнала ды іншай дакумэнтацыі. Але ж такія заўвагі за 10 гадоў — у каго іх няма».