КДБ адмовілася вярнуць тэхніку «Нашай ніве»

28 сьнежня. Супрацоўнікі КДБ выносяць канфіскаваныя рэчы з памяшканьня, дзе месьціцца рэдакцыя «Нашай нівы».

Рэдакцыя «Нашай нівы» атрымала з Упраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласці адказ на хадайніцтва вярнуць выданьню кампутарную тэхніку, канфіскаваную падчас ператрусаў у сьнежні. Пра гэта паведамляе сайт выданьня.

У сваім хадайніцтве рэдакцыя падкрэсьлівала, што адсутнасьць тэхнікі, забранай падчас ператрусаў у рэдакцыі, а таксама дома ў галоўнага рэдактара газэты Андрэя Скурко, стварае перашкоды ў прафэсійнай дзейнасьці супрацоўнікаў. «НН» зьвярталася з прапановай вярнуць хаця б тую частку кампутараў, што болей не патрэбная ў мэтах следзтва.

Копіі звароту былі дасланыя ў Генэральную пракуратуру і пракуратуру Менску. Але адтуль яны былі перасланыя для адказу ў КДБ.

У адказе з Упраўлення КДБ па Менску і Менскай вобласьці за подпісам выканаўцы абавязкаў кіраўніка Ўпраўленьня палкоўніка Уладзіміра Калача паведамляецца, што «рэчы будуць вернутыя пасьля правядзеньня неабходных працэсуальных дзеяньняў».