Кастусёў: Інфармацыя пра грошы за публікацыю ў «Народнай волі» цалкам праўдзівая

Рыгор Кастусёў

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч назваў Рыгора Кастусёва «лгуном і паклёпнікам» і заявіў, што мае намер зьвярнуцца ў суд. На пытаньне Радыё Свабода, як спадар Кастусёў ставіцца да пагрозаў Іосіфа Сярэдзіча, былы кандыдат у прэзыдэнты адказаў так:

«Калі я быў у рэдакцыі „Народнай волі“ і размаўляў з Іосіфам Сярэдзічам наконт артыкулаў — пасквіляў на мой адрас — спадар Сярэдзіч мне таксама сказаў: „Калі ласка, падавайце ў суд“. Але я тады палічыў, што ў мяне няма часу займацца судовымі працэсамі з „Народнай воляй“! І ня стаў гэтага рабіць. А што тычыцца інфармацыі наконт таго, што Сярэдзіч адкрыта казаў, што, маўляў, давайце грошы за станоўчую публікацыю, я і зараз магу пацьвердзіць і запэўніць, што гэта інфармацыя праўдзівая».

Карэспандэнтка: «Якія артыкулы вы палічылі пасквілямі ў свой адрас і што канкрэтна Вас абразіла?»

«Ой, гэта было так даўно… Тады быў апублікаваны цэлы шэраг артыкулаў у „Народнай волі“, зьневажаючых мяне. А мая размова зь Сярэдзічам адбылася пасьля таго, калі ў адным нумары было апублікавана ажно два артыкулы ў мой адрас у нэгатыўным пляне. Два артыкулы ў адной газэце! Гэта было ці то ў жніўні, ці то нават раней — у ліпені».
Гэта былі артыкулы Сьвятланы Калінкінай. Адзін артыкул быў падпісаны яе прозьвішчам, а другі — яе псэўданімам.


Карэспандэнтка: «Гэта былі артыкулы журналістаў „Народнай волі“ ці гэта былі лісты чытачоў?»

«Гэта былі артыкулы Сьвятланы Калінкінай. Адзін артыкул быў падпісаны яе прозьвішчам, а другі — яе псэўданімам. Канечне, калі Сярэдзіч будзе зьвяртацца ў суд, буду абараняцца».

Карэспандэнтка: «Ня маеце намеру падаць у суд сустрэчны пазоў?»

«Я не хачу апускацца да ўзроўню, як кажа Аляксандар Лукашэнка, „ніжэй за плінтус“, як апускаецца цяпер Сярэдзіч».