Актывістка БХД патрабуе пакараць камітэтчыка

Таісія Кабанчук

Бабруйская актывістка стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Таісія Кабанчук патрабуе прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці опэрупаўнаважанага КДБ Мікіту Бялянчанку. Скаргу на камітэтчыка актывістка накіравала ў бабруйскую пракуратуру. Таісія Кабанчук вінаваціць супрацоўніка спэцслужбы ў парушэньні крымінальна-працэсуальнага кодэксу:

«Ён дапытваў мяне больш за 5 гадзінаў безь перапынку на абед. Я трэці дзень не магу ачуняць ад таго допыту».

Допыт Таісіі Кабанчук адбыўся 2 сакавіка. Ён тычыўся падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. У актывісткі ўзятая падпіска аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва.

Таісія Кабанчук — каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД на Магілёўшчыне. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага.