Праекты гімну Віцебску прапануюць на «грамадзкія слуханьні»

Варыянты гімну Віцебску будуць гучаць на плошчах.

Конкурс на стварэньне гімну абласнога цэнтру, абвешчаны ў жніўні мінулага году, так і не завяршыўся. Па выніках двух тураў журы адабрала шэсьць тэкстаў і варыянтаў музыкі, якія мяркуецца запісаць у выкананьні хору і трансьляваць з экранаў на плошчах Свабоды і Перамогі.

Падчас апошняга пасяджэньня журы 3 сакавіка старшыня віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін падкрэсьліў, што конкурс працягваецца — і ахвотныя ўсё яшчэ могуць прапанаваць узоры свае творчасьці.

У першым туры конкурсу ўзялі ўдзел 23 творы паэтаў і кампазытараў, у другім — 30 твораў. Аднак і да адабраных для ўдзелу ў фінальным спаборніцтве шасьці варыянтаў у журы былі прэтэнзіі.

Нечаканай сталася прапанова асобных сябраў журы, каб, насуперак умовам конкурсу, тэкст гімну Віцебску быў на расейскай мове — так, маўляў, будзе больш зразумела для гасьцей з Расеі. Але супраць гэтага запярэчылі мастацкі кіраўнік тэатру «Лялька» Віктар Клімчук і загадчыца катэдры беларускай літаратуры ВДУ паэтка Вольга Русілка.

Паводле ўмоваў гарвыканкаму, кожны твор мае адпавядаць «статусу гораду Віцебску як самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Віцебскай вобласьці, якая мае сваю індывідуальнасьць і гісторыка-культурную каштоўнасьць», а таксама «адлюстроўвае адметнасьць Віцебску ў кантэксьце разьвіцьця Рэспублікі Беларусь».

Сярод прапанаваных варыянтаў ёсьць тэксты, выразна падобныя да дзяржаўнага гімну:

Мы — слаўнага Віцебску гордыя людзі,
Жывём у вялікай братэрскай сям’і.
Былі мы, і ёсьць, і заўсёды мы будзем
На віцебскай роднай зямлі.

А таксама вершаваныя радкі, якія відавочна патрабуюць дадатковай працы над рытмам і рыфмамі:

Яскравы Віцебск — горад над Дзьвіной!
Ты сьвецісься зоркамі натхненьня і жыцьця
На скрыжаваньні Веры і Дабра.
Ты Беларусь — ты песьнь мая!

Удзельнікам і першага, і другога туру конкурсу на стварэньне гімну Віцебску быў Кастусь Севярынец, бацька зьняволенага палітыка:

«У першы тур я даслаў толькі тэкст. У другі тур — ужо з музыкай. Аднак у фінал мой варыянт ня трапіў — верагодна, толькі таму, што маё прозьвішча Севярынец».