У "амэрыканцы" зацьвілі пралескі

У маці Андрэя Саньнікава не прынялі для яго звычайную харчовую перадачу. Маці Паўла Севярынца адмовілі ў спатканьні з сынам. Аляксандар Фядута ўяўляе, які будзе прысуд па ягонай справе.

4 сакавіка Ала Ўладзімераўна Саньнікава прыйшла ў КДБ, каб перадаць сыну звычайную харчовую перадачу, але яе не прынялі. Маці вязьня распавяла "Свабодзе":

"Мне раптам кажуць, што нічога ня могуць узяць. Сказалі, калі пасьпееце, ідзіце і купіце нятлустага тварагу і варанай каўбасы. Я пытаюся, а чаму, што зь ім? Ня кажуць. Але ж я разумею, што нешта, відаць, дрэннае са здароўем. Я так разгубілася… Напярэдадні даведалася, што адваката пазбавілі ліцэнзіі, а тут яшчэ і гэта. Добра, што там былі жонкі іншых вязьняў, яны дапамаглі, схадзілі ў краму, набылі, што трэба. Мы ўсё пасьпелі перадаць. Але што зь ім, ня ведаю. І вось яшчэ адна праблема зьявілася — шукаю адваката".

Адвакатам Андрэя Саньнікава быў Павал Сапелка, якога напярэдадні вывелі са складу Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў рашэньнем прэзыдыюму калегіі. Павал Сапелка ня выключыў, што пазбаўленьне яго працы зьвязана з тым, што ён абараняў Андрэя Саньнікава і Паўла Севярынца.

Маці Паўла Севярынца Тацяна гэтак пракамэнтавала тое, што адваката Паўла Сапелку выключылі са складу адвакацкай калегіі:

"Зрабілі таму, што справа шытая белымі ніткамі. Увогуле справы няма, як такой. Яна, пэўна, разваліцца ў судзе, як толькі будзе больш-менш прафэсійны адвакат. Павал Сапелка — гэта прафэсіянал, і яны добра разумеюць, што калі Павал Сапелка возьмецца за справу, разваліцца справа Паўла Севярынца, разваліцца справа Зьмітра Дашкевіча, як і справа Андрэя Саньнікава. Гэты іспыт улада зноў ня вытрымала. Яны баяцца і парушаюць усе законы, якія толькі магчыма".

3 сакавіка Тацяна Севярынец сустракалася з кіраўніком сьледчай групы, старшым сьледчым Сьледчай управы МУС Анатолем Сукалам. Маці палітвязьня прасіла сустрэчы з сынам, але атрымала, як кажа, "катэгарычную адмову".

"Зараз трэба тэрмінова шукаць новага адваката, бо Павал піша, што справу хутка перададуць яму на вывучэньне і потым яна пойдзе ў суд", — кажа Тацяна Севярынец. Паводле яе, яна спрабавала высьветліць у сьледчага, як атрымалася, што рабіліся сьледчыя дзеяньні ў справе яе сына, але без удзелу адваката:

"Карацей, ён мне не адказаў на гэтае пытаньне".

Марына Фядута атрымала адразу два лісты ад мужа, вязьня "амэрыканкі" Аляксандра Фядуты, які ўваходзіў у выбарчы штаб Уладзімера Някляева. Марына паведаміла, што муж прыслаў у лісьце адрасаваны ёй верш і малюнак пралесак. Вясновы настрой, якім падзяліўся з жонкай Аляксандар Фядута, не выключае ягонага сур'ёзнага прагнозу адносна будучых судоў над удзельнікамі мітынгу 19 сьнежня:

"Так, вясновы настрой у яго, але піша, што не спадзяецца ён на мяккія прысуды. Відаць, ведае вынікі судоў, чытае газэты. Там хоць скупа, але пішуць пра гэта".