«Беларускае пяціборства» адзначыла сваіх пераможцаў

Арганізатар «Беларускага пяціборства» Міхась Булавацкі

Сёньня магілёўская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы ўзнагародзіла пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва «Беларускае пяціборства — 2011». Урачыстасьць праходзіла ў дэканаце пэдагагічнага факультэту дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Унівэрсытэт дапамагае суполцы праводзіць спаборніцтва.

У сёлетнім «Пяціборстве» ўдзельнічалі 42 вучні старэйшых клясаў. Гэта рэкордная колькасьць удзельнікаў за час правядзеньня мерапрыемства. Як і ў папярэднія гады, спаборнікі спраўджвалі веды па пяці школьных дысцыплінах. Усе заданьні — на беларускай мове. Адказваць школьнікі меліся таксама па беларуску. Якасьць мовы ўлічвалася пры падвядзеньні вынікаў.

Якраз якасьць мовы й выклікае ў арганізатара «Пяціборства» Міхася Булавацкага неспакой. Яна горшае, адзначае ён:

«Сёлета быў паказаны самы слабы вынік у веданьні мовы. Адна памылка на дзесяць слоў у сярэднім. Пяць год таму была адна памылка на трыццаць слоў. Гэта ж нікуды ня варта. Мовы вучням не хапае. Амаль усе ўдзельнікі — з расейскамоўных школ. Матэматыкі па-беларуску, фізыкі па-беларуску ім не выкладаюць. Яны тэрмінаў беларускіх ня ведаюць. Яны займаюцца словатворчасьцю своеасаблівай. Напрыклад, слова расейскае „касательная“. Па-беларуску яно — „датычная“. А яго яны ня ведаюць і прыдумляюць сваё — „кранацельная“, „датыкальная“, „зачэпная“. У мяне назьбіралася дванаццаць варыянтаў такой творчасьці».

Юлія Фешчукова
Наста Жыркевіч
Перамагла ў «Беларускім пяціборстве — 2011» вучаніца першай магілёўскай гімназіі Юлія Фешчукова. Другое месца заняла леташняя пераможца спаборніцтва Наста Жыркевіч з бабруйскай гімназіі № 3. Абедзьве дзяўчыны — беларускамоўныя. Яны атрымалі ўхвальныя лісты ад ТБМ і памятныя сувэніры. Ухвальныя лісты атрымалі й пераможцы ў асобных намінацыях.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе з ініцыятывы сябра ТБМ Міхася Булавацкага. Ён высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. На яе прыйшло тры дзясяткі вучняў. Ад 2001 году спаборніцтва сярод удзельнікаў абласных школьных алімпіядаў праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.