Беларусь папрасіла ў Расеі крэдыт на 9 мільярдаў даляраў

Пра гэта паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. Гэтыя грошы, паводле віцэ-прэм'ера, пойдуць на будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Пры гэтым Уладзімер Сямашка падкрэсьліў, што 9 мільярдаў спатрэбяцца на будаўніцтва ня толькі самой станцыі, але і ўсей інфраструктуры.

Беларусь просіць крэдыт на 25 год.

"Гэта будзе дзяржаўны крэдыт, хаця нас падштурхоўвалі да камэрцыйнага", — адзначыў Сямашка.

Пагадненьне паміж Беларусьсю і Расеяй пра ўсе пытаньні будаўніцтва беларускай АЭС можа быць падпісанае 15 сакавіка. На гэты дзень заплянаванае паседжаньне саюзнага ўраду.