БХД заклікае сьведкаў на працэсы

Віталь Рымашэўскі

Аргкамітэт па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" пачынае кампанію "Стань сьведкам". Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту Віталь Рымашэўскі 15 лютага на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Кампанія праводзіцца ў сувязі з тым, што ў найбліжэйшыя дні могуць пачацца судовыя працэсы над абвінавачанымі па крымінальнай справе аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году ў Менску.

"Мы заклікаем усіх, хто браў удзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня, далучыцца да кампаніі і засьведчыць на судах пра мірны, негвалтоўны характар правядзеньня акцыі, пра дзеяньні абвінавачаных лідэраў, скіраваных на спыненьне правакацый і гвалту", — гаворыцца ў адкрытым звароце БХД.

Паводле Рымашэўскага, "адзіная зброя дыктатуры — гэта страх". "Мэта яе ў апошнія месяцы — запалохаць беларусаў, зьнішчыць незалежныя дэмакратычныя сілы. Наш адказ на гвалтоўныя дзеяньні, на запалохваньне павінен быць адзіны — узмацненьне салідарнасьці, яднаньне ў сумесным негвалтоўным супраціве, актыўныя дзеяньні", — сказаў ён.