Данік здагадаўся

Намесьнік старшыні КДБ Іван Церцель запэўніў: «Зь лістамі ў КДБ усё нармальна». Трохгадовы Данік, сын арыштаванага Андрэя Саньнікава, здагадаўся, куды падзеўся ягоны тата. Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі просіць прыслаць яму ў вязьніцу «Доўгую дарогу дадому» Васіля Быкава.

Мілана Міхалевіч, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, якога разам зь іншымі фігурантамі справы 19 сьнежня трымаюць у турме КДБ «амэрыканка», атрымала ліст ад намесьніка старшыні КДБ Івана Церцеля. Гэта адказ на скаргу спадарыні Міхалевіч, што яе ліставаньню з мужам перашкаджаюць супрацоўнікі КДБ, паколькі шмат лістоў у абодва бакі зь невядомых прычын згубіліся. Іван Церцель, паведамляе Мілана Міхалевіч, запэўнівае яе ў адваротным:

«Прыйшоў ліст ад Церцеля, што перапіска ў іх арганізаваная належным чынам і што ўся карэспандэнцыя, у тым ліку для Міхалевіча, дастаўляецца без праблем. Адказ датаваны 4 лютага. І ад Алеся прыйшоў ліст, што яму аддалі адразу 4 ці 5 маіх лістоў за канец студзеня. Карацей, аддалі раптам цэлы пачак. Але вельмі шкада, што за пачатак студзеня ўсе лісты згубіліся».
Прыйшоў ліст, што перапіска ў іх арганізаваная належным чынам і што ўся карэспандэнцыя дастаўляецца без праблем.

Пра праблемы зь ліставаньнем кажуць сваякі фактычна ўсіх вязьняў. Некаторыя за амаль 2 месяцы атрымалі толькі па 4, 3, а то і па 2 лісты. Нядаўна жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар’я публічна папярэдзіла КДБ, што будзе праз суд дамагацца вяртаньня ёй усіх лістоў, якія яна напісала мужу ў турму, а ён іх так і не атрымаў. Гэта болей за 30 лістоў.

Жонка Аляксандра Класкоўскага Натальля 10 лютага атрымала толькі другі ліст ад мужа. Сярод іншага абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых непарадках былы міліцыянт просіць Натальлю:

«Просіць падыйсьці ў краму „Кніжная скарбонка“ і паглядзець, ці ёсьць кніга Васіля Быкава „Доўгая дарога дадому“. Калі ёсьць, паведаміць яму, і колькі каштуе. Ён можа выпісаць гэтую кнігу туды. Так, любіць ён Быкава».

Як справы ў абвінавачаных, якіх трымаюць пад хатнім арыштам? Тэлефон жонкі Ўладзімера Някляева не адказваў. Стала вядома, што Вольга захварэла і, магчыма, таму не падымае слухаўку. Іншай магчымасьці даведацца пра справы Някляева, як праз жонку, няма — былому кандыдату размовы з карэспандэнтамі забароненыя. Саму Вольгу Някляеву на сёньня выклікалі былі на допыт да сьледчага, але з-за хваробы допыт перанесьлі на наступны тыдзень.

Яшчэ адна «хатняя арыштантка» — журналістка Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Паводле Ўладзімера Халіпа, дачка Ірына пачуваецца нармальна, допытаў ці іншых сьледчых дзеяньняў зь яе ўдзелам не было. Я згадаў ліст Андрэя Саньнікава, у якім той пытаецца: як ставіцца сын Данік да вартаўнікоў з КДБ, якія ўвесь час знаходзяцца ў кватэры? Паводле Ўладзімера Халіпа, трохгадовы Данік ужо сам пралічыў, што гэта за людзі і чаго ад іх чакаць:

Ён сказаў: у мяне ёсьць такая упэўненасьць, што гэтыя ж дзядзькі, якія прыводзілі маю маму, прывядуць і майго тату.
«Ён зразумеў усё, як мы ад яго гэта ні хавалі. Ён сказаў: у мяне ёсьць такая упэўненасьць, што гэтыя ж дзядзькі, якія прыводзілі маю маму, прывядуць і майго тату. Ніхто яго не вучыў, але ён сам усё зразумеў. Ён жа бачыць, што сытуацыя анамальная, штосьці адбылося, калі чужыя жывуць у кватэры, і зрабіў свае высновы».

Больш за 10 фігурантаў справы 19 сьнежня трымаюць у менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага. Як іх справы? Маці Мікіты Ліхавіда паведаміла, са спасылкай на ліст ад сына, што ў ягонай камэры нядаўна вязьні хварэлі на прастуду:

«Ён напісаў, што яны ўсе перахварэлі. Зараз я буду перадаваць яму лекі. А ўвогуле на Валадарскага зараз у сувязі з грыпам дазволілі на 5 кіляграмаў павялічыць перадачы за кошт цыбулі, часныку, лімонаў і яблыкаў».

У камэры, дзе трымаюць сына, на ўсіх вязьняў не хапае месцаў, таксама паведаміла Алена Ліхавід. Тая ж праблема і з Паўлам Вінаградавым, якога таксама трымаюць на «Валадарцы» — камэры перанаселеныя. Пра гэта распавёў бацька актывіста Юрый Вінаградаў:

«Сядзеў быў з пракурорам Віцебску, а потым перавялі ў іншую камэру. Ня ведаю, колькі там чалавек, у лісьце гэта выкрасьлілі. Відаць, ня хочуць, каб стала вядома. Але Павал піша, што сьпіць па чарзе. Праўда, дадае, што сёньня быццам месца павінны вызваліць».

Паводле зьвестак праваабаронцаў, ужо 5 фігурантаў справы 19 сьнежня скончылі азнаямленьне з матэрыяламі справы і чакаюць прызначэньня суду. Афіцыйна гэтыя зьвесткі, аднак, не пацьверджаныя.