Судзьдзя з "чорнага сьпісу" працягвае саджаць актывістаў

Міхася Лебедзя арыштавалі на 12 сутак. Такі вырак вынес 8 лютага судзьдзя Маскоўскага суду Менска Яўген Хаткевіч. Хлопца зьвінавацілі ва ўдзеле ў пікеце салідарнасьці, які праводзілі моладзевыя актывісты 20 сьнежня на плошчы Незалежнасьці.

Міхася Лебедзя затрымалі 20 сьнежня, калі ён накіроўваўся ў Чырвоны касьцёл. Супрацоўнікі міліцыі зьбілі яго з ног, нанесьлі некалькі ўдараў дубінкай і ўкінулі ў аўтазак. У турме на Акрэсьціна праз некалькі гадзін Лебедзю выклікалі “хуткую дапамогу”, якая адвезла яго ў лякарню, паведамляе сайт spring96.org.

Адміністратыўную справу суд разглядаў некалькі разоў, бо сьведкі-міліцыянты ўвесь час блыталіся ў паказаньнях. Затым Лебедзь заявіў у судзе, што падаў скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыі. У судзе быў абвешчаны перапынак для азнаямленьня з высновамі праверкі.

Судзьдзя Яўген Хаткевіч 31 студзеня быў унесены ў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Сярод тых, каму ён выносіў абвінаваўчыя прысуды -- журналіст радыё "Рацыя" Барыс Гарэцкі, актывіст кампаніі "Гавары праўду" Міхась Пашкевіч, затрыманыя на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня Дзьмітры Бандарчук, Яўген Бобрык, Фёдар Масьленікаў ды іншыя.