Адвакат Гараева, якая адмовілася абараняць Ірыну Халіп: «Ніякага ціску не было»

Ірына Халіп

Чаму адвакат Тамара Гараева адмовілася абараняць журналістку Ірыну Халіп? Вязьням «амэрыканкі» круцяць прапагандысцкі сэрыял «Найноўшая гісторыя». Сьпіс абвінавачаных па справе 19 сьнежня папоўніўся яшчэ 4-ма прозьвішчамі.

4 лютага адвакат Ірыны Халіп Тамара Гараева праінфармавала бацькоў журналісткі, што мусіць разарваць кантракт аб абароне Ірыны. Жонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава трымаюць пад хатнім арыштам, яна абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня. Уладзімер Халіп, бацька журналісткі, мяркуе, што вакол дачкі адмыслова ствараюць «мёртвую зону».

Карэспандэнт: «А якія матывы ў яе?»

Уладзімер Халіп: «Ніякіх матываў, маўчыць пра гэта. Зразумела, якія матывы. Як было і зь першым адвакатам. Ад першага Ірыну прымусілі адмовіцца, бо ім не падабаецца… Яны хочуць загнаць яе ў такую пастку, каб ёй нічога не засталося, акрамя афіцыйнага адваката, якога прызначаць улады».

Калі Ірыну Халіп трымалі ў турме КДБ, яе абараняў адвакат Уладзімер Тоўсьцік. Паводле Ўладзімера Халіпа, улады пагражалі забраць у адваката ліцэнзію, калі Ірына ад яго не адмовіцца. У выніку журналістка знайшла новага абаронцу — Тамару Гараеву, зь якой ужо была заключаная дамова. Цяпер і гэты адвакат ня можа прыйсьці на дапамогу жонцы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Тэлефаную ў юрыдычную кансультацыю № 2 Савецкага раёну Менску, дзе працуе адвакат Тамара Гараева. Спадарыня Гараева кажа, што ціску на яе, каб адмовілася абараняць Ірыну Халіп, не было, і спасылаецца на занятасьць. Прызнае, што тое, што будзе занятая, яна высьветліла ўжо пасьля заключэньня дамовы з журналісткай:

У мяне ёсьць іншая праца, якую мне цяжка было б сумясьціць.
«У мяне ёсьць іншая праца, якую мне цяжка было б сумясьціць. Я проста пагадзілася… Ня тое каб пасьпешліва, тут я разумела, якая сытуацыя, але потым зразумела, што ў мяне не атрымаецца спалучаць… Я сама прыняла такое рашэньне».

Паводле Ўладзімера Халіпа, знайсьці зараз новага адваката складана: «Усіх добрых адвакатаў разабралі, бо столькі людзей арыштавана…»

Уладзімер Палажанка, бацька Насты Палажанкі, якую працягваюць трымаць у ізалятары КДБ, атрымаў па пошце паштоўкі з арганізацыі «Міжнародная амністыя». Паштоўкі напісаныя на ангельскай, нямецкай і расейскай мовах.

«Жадаем вам сілы ў гэтыя цяжкія часы і мы думаем пра вас. Хочам, каб вы ўспрынялі гэтую паштоўку як знак салідарнасьці і спадзяваліся, што Анастасія Палажанка ды іншыя вязьні хутка будуць на волі».

Ад самой Насты Палажанкі лістоў па-ранейшаму няма, адваката да яе зноў не дапусьцілі, паведаміў бацька арыштаванай актывісткі «Маладога фронту».

Жонка каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі Вольга таксама не атрымала ліста ад мужа і паведаміла, што да яго зноў не пусьцілі адваката. Вольга Бандарэнка, якая прадстаўляе грамадзкі камітэт «Вызваленьне», мяркуе, што гэтая сытуацыя зьвязаная з рэакцыяй Эўразьвязу на падзеі ў Менску.
Пасьля гэтых санкцый бачна, што беларускі рэжым уздыхнуў вольна і пачаў зноў закручваць гайкі ўнутры краіны.

«Невялікі ручай — не, гэта гучна сказана: не ручай, а кропелькі лістоў — для большасьці з нас спыніўся адразу пасьля 31 студзеня. І адвакатаў таксама не пускаюць. Такім чынам, дзякуй Эўразьвязу. Відаць, гэта і ёсьць адказ беларускіх уладаў на санкцыі Эўразьвязу. Пасьля гэтых санкцый бачна, што беларускі рэжым уздыхнуў вольна і пачаў зноў закручваць гайкі ўнутры краіны».

4 лютага, пасьля тыдня маўчаньня, атрымала ліст ад мужа Мілана Міхалевіч. Жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты паведаміла, што Алесь ня скардзіцца на здароўе, піша, што шмат чытае і зараз можа глядзець тэлевізар.

«Пад вечар тут сталі ставіць DVD. Ужо прагледзеў усе сэрыі „Найноўшай гісторыі“ Казіяткі і некалькі амэрыканскіх фільмаў».

Тым часам колькасьць абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня павялічылася яшчэ на 4 чалавекі: гэта Алесь Кіркевіч, Зьміцер Дрозд, Сяргей Казакоў, Уладзь Яроменак. Агулам у сьпісе абвінавачаных ужо 43 чалавекі.