Лукашэнку запрасілі ў Курапаты

Акцыя ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў адбылася ў Курапатах.

15 чалавек зь ліку актывістаў «Маладога фронту», руху салідарнасьці «Разам», «Эўрапейскай моладзі» ўсклалі кветкі, запалілі зьнічы і памянулі хвілінай маўчаньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў розных гадоў.

Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты вязьняў турмы КДБ, якіх утрымліваюць за кратамі ў справе аб падзеях 19 сьнежня.

У сваёй прамове грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька запатрабавала выпусьціць палітзьняволеных. Яна таксама запрасіла Аляксандра Лукашэнку наведаць Курапаты, «каб болей не было палітзьвяноленых і не было новых Курапатаў».

Адзін з кіраўнікоў МФ Мікола Дземідзенка выказаў спадзеў, што ўлады адпусьцяць усіх палітзьняволеных.

Пры канцы ўдзельнікі прасьпявалі гімн «Магутны Божа».