У Магілёве затрыманы сябра партыі БНФ Сяргей Нягацін

Цяпер ён у Ленінскім аддзеле міліцыі. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася ў абласным цэнтры 16 студзеня.

"Мяне затрымалі ля пад’езда майго дома. Спачатку завезьлі ў апорны пункт міліцыі, а потым у аддзел. Супрацоўнік аддзелу ў званьні маёра паведаміў, што мяне расшуквае старшыня Ленінскага суду Кужалева. Задаў пытаньне, дзе я быў шаснаццатага студзеня, што рабіў у гэты дзень. Потым прыйшоў яшчэ адзін ці то падпалкоўнік, ці то маёр і сказаў, што варта яго "закрыць" да суду й высьвятленьня абставінаў", паведаміў у тэлефоннай гутарцы Сяргей Нягацін.

Актывіст дапускае, што зь міліцыі яго адразу павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня.

16 студзеня ў Магілёве адбылася акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі. Нягацін стаўся чацьвёртым, каго затрымалі з-за ўдзелу ў ёй. Акрамя яго, чакаюць суду сябра партыі БНФ Валянцін Лабачоў і шматдзетная маці Натальля Шкадун. Яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі, Яўгена Васьковіча, затрымалі 17 студзеня. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа за злоснае хуліганства, якое ён нібыта ўчыніў 16 сьнежня.