Касачоў: Масква супраць санкцыяў, Лукашэнка легітымны

“Расея выступае супраць санкцыяў у дачыненьні да Беларусі і лічыць, што вынікі выбараў прэзыдэнта ў гэтай краіне зьяўляюцца легітымнымі”, – пра гэта заявіў кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), старшыня камітэту Дзярждумы ў міжнародных справах Канстанцін Касачоў. Такую заяву палітык зрабіў сёньня ў інтэрвію тэлеканалу “Россия-24», напярэдадні абмеркаваньня ў ПАРЭ пытаньня аб сытуацыі ў Беларусі.

"Палітыка санкцыяў, палітыка байкоту будзе толькі кансэрваваць тыя праблемы, якія існуюць у Беларусі, а не спрыяць іх вырашэньню", – мяркуе кіраўнік расейскай парлямэнцкай дэлегацыі.

Ён адзначыў, што расейская дэлегацыя ў ПАРЭ складаецца з прадстаўнікоў розных фракцый, у якіх могуць быць розныя меркаваньні. Але што тычыцца "Единой России», якую прадстаўляе К. Касачоў, то ў фракцыі, паводле яго, "сур'ёзна занепакоеныя тым, як гэтыя выбары праходзілі".

"Мы бачым, што па шэрагу пазыцый яны сапраўды адрозьніваліся ад тых стандартаў, якія дзейнічаюць на прасторы Рады Эўропы", – падкрэсьліў ён.

Разам з тым К. Касачоў заўважыў, што "ўсе гэтыя заганы, усе гэтыя скажэньні не ставяць пад сумнеў легітымнасьць праведзеных выбараў і іх вынік, Лукашэнка – абраны прэзыдэнт Беларусі", – адзначыў кіраўнік расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ.

Камэнтар Свабоды

Варта адзначыць, што да апошняга часу афіцыйная Масква не выказвала свайго стаўленьня да магчымых заходніх санкцый адносна афіцыйнага Менску за недэмакратычныя выбары і хвалю палітычных рэпрэсій у Беларусі. Больш таго, міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў заявіў, што жорсткае патрабаваньне Кабінэта міністра Рады Эўропы да беларускіх уладаў вызваліць палітычных вязьняў, “адлюстроўвае пункт гледжаньня Расеі”.

Фармальна паміж заявамі Лаўрова і Касачова няма супярэчнасьці: Лаўроў не ўхваляў санкцыі, Касачоў выказаў занепакоенасьць хадой прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Але ня выключана, што заява старшыні думскага камітэту азначае эвалюцыю Масквы да больш звыклай пазыцыі адваката афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне.