Акцыя салідарнасьці. Онлайн

Дар’я Корсак з партрэтам мужа, Аляксандра Атрошчанкава

20:50 Акцыя салідарнасьці, якая стыхійна перамясьцілася ад будынку КДБ да Чырвонага касьцёлу, заканчваецца. Людзі разыходзяцца.


20:35
Чалавек, які маліўся за Статкевіча і паставіў ягоны партрэт каля помніка — Валер Сядоў, які ня раз ладзіў пэрформансы (прыносіў ватоўку да помніка Леніну і г.д.). Пасьля таго, як спадар Сядоў крыху адышоў ад помніка арханёлу Міхаілу, яго затрымалі. Партрэт Статкевіча таксама выхапілі людзі ў чорным.

Your browser doesn’t support HTML5

Валер Сядоў на Плошчы Незалежнасьці






20:10 Каля Чырвонага касьцёлу зараз знаходзяцца каля трох дзясяткаў людзей, яны сьпяваюць «Магутны Божа». Прыйшоў сталы чалавек з партрэтам Міколы Статкевіча, прачытаў малітву.

Your browser doesn’t support HTML5

Салідарнасьць з палітвязьнямі



19:45
Да касьцёлу працягваюць ісьці людзі, ідуць сем’ямі, ставяць сьвечкі. Заходзяць у касьцёл, ідзе праходзіць імша.


19:30
Каля Чырвонага касьцёлу, ля скульптуры арханёла Міхаіла, людзі ставяць сьвечкі. Тут на гэтыя хвіліны прыкладна паўсотні сьвечак. Прысутныя распавядаюць, што ім не далі далучыцца да акцыі салідарнасьці ля будынку КДБ, адбіралі партрэты палітзьняволеных па дарозе. Таму яны пайшлі да Чырвонага касьцёлу. Спачатку хацелі паставіць сьвечкі да прыступак Дому ўраду, але туды іх не дапусьцілі шэрагі людзей у чорным, якіх каля будынку вялікая колькасьць.


Каля Чырвонага касьцёлу знаходзіцца і маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна.

Your browser doesn’t support HTML5

Маці Андрэя Саньнікава



Яна сказала, што хоць на акцыі і мала людзей, настрой у яе добры, бо, па-першае, яна атрымала ўрэшце ліст ад сына, а па-другое, яна адчувае, што грамадзтва вельмі ўсхваляванае і абуранае апошнімі падзеямі ў Беларусі.

Your browser doesn’t support HTML5

Салідарнасьць з палітзьняволенымі. Ч.3



Your browser doesn’t support HTML5

Салідарнасьць са зьняволенымі



19:00 Акцыя ля КДБ скончылася. Дар’я Корсак на волі.

18:50
Людзі разыходзяцца. Ля будынку КДБ уздоўж праспэкту Незалежнасьці застаюцца толькі супрацоўнікі спэцслужбаў і вайскоўцы.

Your browser doesn’t support HTML5

Салідарнасьць зь вязьнямі "амэрыканкі"



18:40
Дар’я Корсак выйшла з машыны і знаходзіцца ў атачэньні журналістаў.

18:35
Машыну, у якой Дар’я Корсак (жонка Атрошчанкава) вярталася ад будынку КДБ, заблякавалі на вуліцы Валадарскага.

18:30 Прыйшло некалькі знаёмых і сяброў палітзьняволеных з партрэтамі і сьвечкамі. Супрацоўнікі КДБ адабралі партрэты. Некалькі разоў праз гукаўзмацняльнік міліцыянты папярэдзілі прысутных пра тое, што акцыя не санкцыянаваная, і пра адказнасьць за ўдзел у акцыі.





18:20
У маладога чалавека з завязаным тварам, які таксама трымаў партрэт Аляксандра Атрошчанкава, супрацоўнікі спэцслужбаў выхапілі партрэт. Самога хлопца некуды павялі.




18:15
У Алега Грузьдзіловіча супрацоўнікі КДБ праверылі дакумэнты, акрэдытацыю і прымусілі сьцерці кадры, дзе ёсьць будынак КДБ. Потым адпусьцілі.

18:05 Дар’я Корсак, жонка палітзьняволенага, прэсавага сакратара Андрэя Саньнікава Аляксандра Атрошчанкава выйшла з партрэтам свайго мужа. Яна патлумачыла журналістам, што прыйшла да муроў КДБ, каб нагадаць пра падзеі месячнай даўнасьці, пра тое, што апанэнты ўлады знаходзяцца за кратамі і да многіх зь іх з 29 сьнежня няма доступу адвакатаў. Дар’я Корсак назвала тое, што адбываецца ў краіне, эскаляцыяй гвалту.

Дар’я Корсак

18:00 Карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча зь відэакамэрай забралі ў будынак КДБ.

17:50
Насупраць будынку КДБ, каля бюста Дзяржынскага, сабралася група журналістаў і грамадзкія актывісты. Каля самога будынку КДБ шмат супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным і вялікая група людзей ў вайсковай форме. Прэвэнтыўна ўжо затрыманы моладзевы актывіст Мікола Дземідзенка.