Тацяну Севярынец затрымалі супрацоўнікі КДБ

Тацяна Севярынец

Маці зьняволенага палітыка, якая зьбіралася сеньня ўвечары ад’ехаць у Варшаву, затрымалі каля дома дачкі Ганны ў Менску.

Паводле Тацяны Севярынец, супрацоўнікі КДБ падышлі да яе, калі яна ўжо выправілася на вакзал. Яны прад’явілі ёй позву да сьледчага па прозьвішчы Санько і сказалі, што на допыт яна мусіць зьявіцца неадкладна — паехаць разам зь імі.

У позьве гаворыцца, што яе трэба дапытаць у якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня.

Затрыманьне адбылося ў 19:40, калі да адпраўленьня варшаўскага цягніка заставалася гадзіна. Супрацоўнікі КДБ сказалі, кажа Тацяна, што «яна паўсюль пасьпее», аднак віцебская каардынатарка аргкамітэту БХД і маці зьняволенага Паўла Севярынца ў гэта ня верыць. Наадварот: яна пераканана, што тэрміновы выклік на допыт спатрэбіўся менавіта на тое, каб на цягнік яна спазьнілася