Калякін і Казулін пра вынікі пасяджэньня ў Эўрапарлямэнце

Вынікі абмеркаваньня беларускага пытаньня на пасяджэньні камітэту па міжнародных адносінах Эўрапарлямэнту мы папрасілі пракамэнтаваць прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якія прысутнічалі на пасяджэньні.

Гаворыць старшыня партыі “Аб’яднаныя левыя – Справядлівы Сьвет” Сяргей Калякін.

Калякін
: Вельмі высокая зацікаўленасьць эўрадэпутатаў, прадстаўнікоў Эўракамісіі. Яны вельмі абураныя тым, што адбылося ў Беларусі і сёньня адзіныя ў тым, што як мага хутчэй павінны быць вызваленыя тыя, хто сядзіць за кратамі, павінны быць спыненыя рэпрэсіі, яны кажуць, што будуць рашуча рабіць усе захады, якія маюцца ў распараджэньні Эўразьвязу, каб вырашыць гэтую праблему і вярнуць Беларусь на шлях дэмакратыі. Але канкрэтыка будзе пазьней, будзе яшчэ шэраг мерапрыемстваў, будзе абмеркаваньне ў Страсбуры, будзе пасяджэньне рады міністраў замежных справаў краін ЭЗ. Але відавочнай была рашучасьць і аднолькавы падыход усіх фракцыяў да таго, што адбылося ў Беларусі, і гэта дае нам пэрспэктывы.

Дракахруст: А ці былі нейкія іншыя галасы, ці былі спрэчкі?

Калякін: Безумоўна. Ёсьць розныя меркаваньні. Людзі выказваюцца за тое, каю санкцыі не закранулі простых грамадзянаў Беларусі.

Дракахруст
: Тэма адносінаў з Расеяй неяк закраналася падчас абмеркаваньня? Вось БелТА сёньня распаўсюдзіла заяву старшыні Савету Рэспублікі Анатоля Рубінава, які мяркуе, што Захад так накінуўся на Беларусі за тое, што яна ізноў пасябравала з Расеяй.

Калякін: Гэтая тэма закраналася. У тым ліку абмяркоўвалася і тое, што паслы Беларусі, акрэдытаваныя ў краінах ЭЗ, даслалі лісты, у якіх яны проста шантажуюць Эўразьвяз. Яны пішуць, што калі ЭЗ будзе прымаць нейкія жорсткія захады, то Беларусь апынецца ў абдымках Расеі.

Гэта проста шантаж, і эўрадэпутаты гэта разумеюць.

Гаварылася аб тым, што трэба сынхранізаваць сваю дзейнасьць у тым ліку і з Расеяй. Былі і тыя, хто казаў, што тое, што адбылося – на карысьць Расеі і нібыта нават справакавана расейскім бокам.

А вось меркаваньне былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна.

Казулін
: У эўрапарлямэнтароў шок ад таго, што адбылося ў Беларусі 19 сьнежня. Падзеі ўжо ня могуць разьвівацца далей у тым накірунку, у якім яны разьвіваліся раней. Таму меркаваньне аб тым, што павінен быць перагляд эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі, зараз робіцца ўсё больш уплывовым.