Ільля Васілевіч – яшчэ адзін падазраваны

Як паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна", 19-гадовы Ільля Васілевіч, які адбыў 10-сутачны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня, стаў новым падазраваным па справе аб масавых беспарадках у Менску.

Пасьля выхаду зь ізалятара яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага політэхнічнага каледжу адлічвае яго з навучальнай установы. 5 студзеня хлопец быў запрошаны да адміністрацыі каледжу дзеля падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі хлопца для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Ільлі Васілевічу паведамілі, што ён зьяўляецца падазраваным па дадзенай крымінальнай справе і зьмясьцілі спачатку ў турме на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, дзе ён і ўтрымліваецца на дадзены момант.