Свабоду паэту Някляеву!


Самае галоўнае, што пад ціскам грамадзкасьці, адвакатаў і сваякоў мы даведаліся, што паэт жывы. Пляны гэбістаў паблыталіся. Гэта ўжо ўсім зразумела. (Патрон злаваўся і фокус ня ўдаўся.)

А цяпер па сутнасьці справы. Сваякі Някляева, Саюз пісьменьнікаў, ПЭН-цэнтар мусілі б падаць заяву ў Генэральную пракуратуру аб завядзеньні крымінальнай справы па факту ўзброенага нападзеньня на паэта і кандыдата ў прэзыдэнты Някляева з мэтай забойства, паколькі ўдары наносіліся ў жыцьцёва важныя ворганы, і пасьля таго, як Някляеў страціў прытомнасьць, нападнікі зьніклі.

Крымінальная справа мусіць быць заведзеная таксама па факту выкраданьня параненага паэта Някляева з рэанімацыйнага аддзяленьня шпіталя Хуткай дапамогі групай неапазнаных асобаў.

Па першай пазыцыі ўжо вядома (у тым ліку і з выступу А. Лукашэнкі), што напад на паэта і кандыдата ў прэзыдэнты Ў. Някляева выконвала дзяржаўная спэцгрупа “Алмаз”. Напад і спроба забойства адбылася ў 19 гадзін 25 хвілін 19-га сьнежня (за паўгадзіны да заканчэньня галасаваньня) у прысутнасьці прадстаўнікоў міліцыі ДАІ.

Нападнікі ня дзейнічалі як прадстаўнікі дзяржаўных ворганаў, не прад’явілі дакумантаў на арышт, не імкнуліся затрымаць пацярпелага, а пасьля нанясеньня яму сьмяртэльна небясьпечных удараў пакінулі месца злачынства.

Аналягічная схема паводзінаў нападнікаў зафіксавана і ў час выкраданьня Някляева са шпіталю (прыблізна а першай гадзіне ночы 20-га сьнежня). Сьледзтва пракуратуры павінна высьветліць, якім чынам Някляеў апынуўся ў турме КГБ без паказаньня законных падставаў на яго ўвязьненьне.

Да крымінальнай адказнасьці павінны быць прыцягнутыя таксама дзяжурны лекар і медсястра рэанімацыйнага аддзяленьня шпіталя Хуткай дапамогі за пасобніцтва злачынству і змову з выкрадальнікамі Някляева.

Трэба пакласьці канец уладнаму бандытызму ў Беларусі. Заяву Генэральнаму пракурору трэба б было падаць яшчэ ўчора. Нельга даваць апамятацца спраўцам злачынства. Яны цэлы тыдзень цягнулі час, падраблялі (трэба думаць) дакуманты і ліхаманкава шукалі выйсьце, як выблытацца з таго, што натварылі, бо зразумелі, што Някляеў не адзінокі. За ім – уся Беларусь і ўвесь сьвет. І сьвет сочыць.

Скажу шчыра: я не спадзяюся ні на ПЭН-цэнтар, ні на Саюз пісьменьнікаў і ня ведаю, на што здольныя сваякі. У пракуратуру можа ў гэтым выпадку зьвярнуцца сам Някляеў. Тут ня толькі справа гонару. Гэта стала ўжо справай нацыі.

Зразумела, што тыя, хто рабіў злачынства, ведаюць, што іх чакае, і будуць прыдумваць усялякія антызаконныя спосабы, каб затрымаць Някляева ў вязьніцы і далей руйнаваць ягонае здароўе. Але людзі ўжо ўбачылі гэтых цёмных спадароў пры дзённым сьвятле.

Някляеў мусіць быць на волі. Узвысім наш голас. Неадкладна выпускайце паэта