Траўмаваных 19 сьнежня тэрмінова выпісваюць са шпіталя і вязуць у міліцыю

Актывістка кампаніі "Гавары праўду!" Сьвятлана Носава паведаміла, што яе тэрмінова выпісваюць з вайсковага шпіталя.

Туды яна трапіла з траўмай галавы пасьля таго, як была зьбітая АМАПаўцамі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Паводле яе словаў, днём раней з такімі ж траўмамі галавы быў выпісаны юнак, якога са шпіталя, верагодна, накіравалі ў суд.

Сьвятлана Носава таксама паведаміла, што яшчэ не паправілася і дрэнна сябе адчувае.

Як паведамілі сябры Сьвятланы, са шпіталя яе вязуць у Савецкі РУУС.