Тацяна Дзьмітрыева: «Я вельмі хвалююся за стан мужа. І душэўны, і фізычны»

Начальнік штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў выступае на паседжаньні Цэнтравыбаркаму, 14 кастрычніка 2010 г.

Андрэя Дзьмітрыева, кіраўніка ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, затрымалі ў ноч зь нядзелі на панядзелак у кватэры бацькоў ягонай жонкі Тацяны:

«Шчыра кажучы, настолькі жорсткага разьвіцьця падзеяў я не чакала. Нас забіралі амаль што разам. Яны прыехалі ў кватэру маёй маці, адразу ж забралі Андрэя. Потым учынілі ператрус у кватэры і забралі мяне. Забралі а сёмай раніцы і да 17-й гадзіны »

Карэспандэнтка: «А вас на якой падставе затрымалі?»

«У якасьці сьведкі».

Карэспандэнтка: «І вас дапытвалі?»

«Так, дапытвалі».

Карэспандэнтка: «А Андрэя асобна ад вас трымалі?»

«Так. Нас трымалі ня разам. І я потым ніякіх зьвестак пра яго ня ведала. Прычым, яны мне адразу ж сказалі, што Андрэя вязуць у КДБ. Таму я ведала, што ён там. Але калі я тэлефанавала, у мяне пыталіся: „А адкуль вы ведаеце, што ён у нас?“ Карацей, расказваюць нейкія казачкі...»

Карэспандэнтка: «Калі яго паказвалі па беларускім тэлебачаньні, у некаторых, хто яго ведаў, складалася ўражаньне, што ён, так бы мовіць, не зусім адэкватны. Вы ж яго ведаеце бліжэй, ваша меркаваньне на гэты конт?»

«Я вельмі хвалююся за яго. Хвалююся за ягоны стан. І душэўны, і фізычны».