Закрытая скрынка Пандоры

На гэтых прэзыдэнцкіх выбарах улада і апазыцыя прымянілі новую тактыку. У кампаніі ўдзельнічала вялікая колькасьць кандыдатаў. Як гэта паўплывала на працэс і на вынікі?

Улады вырашалі праблему міжнароднай легітымнасьці выбараў. У момант вострага канфлікту з Расеяй афіцыйнаму Менску патрабавалася падтрымка з боку Захаду. Таму трэба было правесьці выбары ў экспартным варыянце, прадэманстраваць ЭЗ і ЗША "разгул дэмакратыі" і атрымаць добрыя высновы назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ. Прычым ня ставілася задача, каб выбарчая кампанія была ацэненая як адпаведная эўрапейскім стандартам. Дастаткова, каб назіральнікі зафіксавалі прагрэс у параўнаньні з папярэднімі выбарамі. І гэта дало б Эўропе падставу перавесьці дыялёг з рэжымам на новую ступень.

Экспартны варыянт выбараў прадугледжваў адносную свабоду на этапе збору подпісаў, агітацыі і вялікую колькасьць кандыдатаў. Прычым апошняе было зроблена штучна, пра што, не саромеючыся, казалі Л. Ярмошына ("за вушы цягнулі"), М. Лазавік, пісаў П. Якубовіч у газэце "Советская Белоруссия".

Акрамя таго, вялікая колькасьць кандыдатаў павінна была вырашыць яшчэ адну задачу, арыентаваную на ўнутрыпалітычны працэс. Яе сэнс палягаў у тым, каб дыскрэдытаваць, размазаць саму ідэю альтэрнатывы ў вачах беларускага электарату. Вялікая колькасьць кандыдатаў, сярод якіх былі выпадковыя людзі, павінна была расьсеяць увагу выбарцаў, выклікаць сярод іх разгубленасьць. Замест рэальнай барацьбы за ўладу электарату хацелі паказаць шоў.

Акрамя таго, рэгістрацыя адразу дзевяці альтэрнатыўных кандыдатаў рэзка зьніжала магчымасьць кансалідацыі апазыцыі, ня кажучы ўжо пра вылучэньне адзінага кандыдата. Яны павінны былі ня толькі расьцягнуць галасы пратэстнага электарату, але і стварыць канфліктнае поле. Прычым мацнейшыя кандыдаты, якія сабралі больш подпісаў, штучна топяцца ў агульнай масе. І на гэтым фоне фігура Лукашэнкі ў вачах электарату відавочна ўзвышалася над іншымі кандыдатамі.

Што атрымалася ў выніку? Гэтыя дзьве задачы, якія ставілі ўлады, практычна былі вырашаныя. Назіральная місія АБСЭ сапраўды зафіксавала прагрэс у параўнаньні з папярэднімі выбарамі. Раскол у апазыцыі, адсутнасьць кансалідацыі былі відавочныя і ў ходзе кампаніі, і падчас тэлевыступаў, і на Плошчы, і пасьля яе.

Але, вырашаючы адну праблему, улады атрымалі іншую, магчыма, непрагназаваную. У іхніх рашэньняў выявіліся непрадбачаныя, пабочныя наступствы. Жадаючы спадабацца Захаду і аслабляючы ціск на беларускае грамадзтва, улады нечакана прачынілі скрынку Пандоры.

Мала таго, што любыя выбары рэзка палітызуюць грамадзтва, ствараюць крызіс легітымнасьці. Даючы адносную свабоду для збору подпісаў і агітацыі, зарэгістраваўшы дзевяць апазыцыйных кандыдатаў, улады стварылі ў грамадзтве пэўную ілюзію свабоды. Сьмелыя выступы апазыцыйных кандыдатаў узарвалі палітычную атмасфэру, разбудзілі людзей. Зьдзіўленыя грамадзяне ўбачылі, што пра Лукашэнку так можна гаварыць. Каля пікетаў, падчас сустрэч з выбарцамі ўзьнікалі дыскусійныя выспы. Маленькая прастора свабоды хутка пашыралася. Людзі пачалі забываць пра страх, адчулі смак волі, сталі ўсур’ёз разважаць пра магчымасьць альтэрнатывы. Здань гарбачоўскай галоснасьці зьявілася на палітычным даляглядзе — з усімі яе катастрафічнымі наступствамі для кіроўнай каманды.

Улады з жахам глядзелі на ўсё гэта і нецярпліва чакалі заканчэньня выбарчай кампаніі, каб хутчэй прыкрыць усю справу. Гэты жах быў відзён у дзеяньнях спэцназаўцаў на Плошчы. Гэты жах быў відзён у вачах Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня. Ён прызнаўся, што ня спаў трое сутак — гэта дзіўна, бо калі палітык сапраўды мае 80% грамадзкай падтрымкі, то, здавалася б, можна спаць спакойна, — і што асабіста кіраваў разгонам апазыцыйнай вулічнай акцыі.

Здань галоснасьці ў дзень галасаваньня трансфармавалася ў здань рэвалюцыі. Здавалася б, якая пагроза 20—30 тыс. людзей на вуліцы, калі за плячыма падтрымка 80% грамадзян? Як вядома, у страху вялікія вочы. Асабліва калі ня ведаеш рэальнага малюнку галасаваньня. Таму і здалося, што на тле той атмасфэры невялічкай свабоды, якая ўзьнікла падчас выбарчай кампаніі, ад апазыцыйнай вулічнай акцыі вось-вось усё паваліцца і пакоціцца. І нэрвы ня вытрымалі такога напружаньня, накрыўку катла зьнесла.

Пра тое, якое было напружаньне, сьведчыць той факт, што ўлады не зважалі на прысутнасьць соцень замежных журналістаў, назіральнікаў АБСЭ, пайшлі на затрыманьне сямі кандыдатаў у прэзыдэнты. Узгадаем, што ў сакавіку 2006 году ўладам хапіла вытрымкі на некалькі дзён, каб дачакацца ад’езду прадстаўнікоў замежных мэдыяў і толькі тады разграміць намёты на Плошчы. Прычым тады Захад быў арыентаваны на падтрымку беларускай "каляровай рэвалюцыі", а цяпер — зусім наадварот.

І Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі зусім не выглядаў пераможцам і трыюмфатарам. Ягоны агрэсіўны тон, апраўданьні добра сьведчылі пра ягоны стан. А галоўным мэсыджам было не абвяшчэньне амністыі, якое звычайна заўсёды ладзяць пераможцы (асабліва з 80%), а пагрозы і заявы, што "бязглуздай" дэмакратыі больш ня будзе, журналісты адкажуць "за кожнае напісанае слова", а інтэрнэт будзе ўзяты пад кантроль.

Такім чынам, рызыкоўны экспэрымэнт з лібэралізацыяй закончыўся. І наўрад ці ўлады бліжэйшым часам захочуць яго паўтарыць.