Лукашэнка хоча нармальных стасункаў з ЗША

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць вырашэньня самых складаных праблем у стасунках з ЗША і адзначыў супадзеньне пазыцый дзьвюх дзяржаў па шэрагу міжнародных праблем.

"Я з усёй адказнасьцю заяўляю, што мы гатовыя да поўнамаштабнай нармалізацыі нашых дачыненьняў з ЗША", — заявіў А. Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША, перадае Інтэрфакс.

Зьвяртаючыся да амэрыканскіх аналітыкаў, кіраўнік Беларусі сказаў:

"Хачу, каб вы разумелі, што Беларусь — ня просьбіт з працягнутай рукой у чаканьні бясплатных мільярдаў. За гады сваёй незалежнасьці мы нечага дасягнулі: дэманструем эканамічны рост, вызначыліся з прыярытэтамі ў зьнешняй і ўнутранай палітыцы як самастойная, сувэрэнная, незалежная дзяржава".

Дырэктар праграмы "Новыя эўрапейскія дэмакратыі", старшы навуковы супрацоўнік праграмы Эўропы Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў Януш Бугайскі сказаў: дэлегацыя прыехала ў Беларусь, каб атрымаць больш поўнае ўяўленьне пра разьвіцьцё Беларусі і "паглядзець на тыя напрамкі, па якіх мы можам палепшыць стасункі паміж ЗША і Беларусьсю, каб роўнанабліжанасьць перавесьці ў практычную вобласьць".

Падчас сустрэчы прадстаўнікі ЗША перадалі Лукашэнку ліст ад сэнатара Сэма Нана, які дзякуе беларускаму боку за рашэньне адмовіцца ад валоданьня высокаўзбагачаным уранам.