Раманчук трапіў у аварыю

Яраслаў Раманчук

Аўтамабіль з кандыдатам у прэзыдэнты Яраславам Раманчуком трапіў у ДТЗ. Як паведаміў БелаПАН Яраслаў Раманчук, аварыя здарылася 11 сьнежня а 9:55 па дарозе з Гомелю ў Рагачоў.

Раманчук: «Гэта здарылася за 40 кілямэтраў ад Рагачова, ля павароту на Буда-Кашалёва».

Абставіны ДТЗ, зь ягоных слоў, «былі даволі дзіўнымі»:

«Нечакана проста перад аўтамабілем, у якім я ехаў, „Аўдзі А3“», што стаяла ля ўзбочыны, выехала на праезную частку і стала рабіць паварот. Мы сутыкнуліся практычна лоб у лоб. Слава Богу, спрацавалі падушкі бясьпекі ў нашай машыне. У выніку я атрымаў нязначныя парэзы і ўдары ног. Нічога сур’ёзнага, мы працягнулі сустрэчы з выбарцамі«.

Разам з Раманчуком у машыне ехалі ягоная давераная асоба, вядомы эканаміст Леанід Заіка, і яшчэ два чалавекі. Дзякуючы спрацавалым падушкам бясьпекі, ніхто зь іх сур’ёзных траўмаў не атрымаў, усе абышліся ўдарамі, а вось аўтамабіль пасьля лабавога сутыкненьня аднаўленьню не падлягае. Цяпер яго траспартуюць у Менск.

Паводле Раманчука, на месца здарэньня былі выкліканыя супрацоўнікі ДАІ, якія цяпер разьбіраюцца ў здарэньні. За рулём «Аўдзі А3», якая справакавала сутыкненьне, знаходзіўся сяржант міліцыі ў цывільным, які таксама не пацярпеў.

Як паведаміў кандыдат у прэзыдэнты, некалькі дзён таму на сустрэчы з выбарцамі невядомыя рэкамэндавалі яму быць асьцярожней у часе паездак па краіне.

Нягледзячы на аўтааварыю, Яраслаў Раманчук не намераны ўносіць зьмены ў свае пляны і працягне сустрэчы з выбарцамі.

Лябедзька: «Нас папярэджвалі пра магчымасьць правакацый падчас паездак»