Сямдзянава: "Ці можна тое, што адбываецца, назваць выбарамі?"

Галіна Сямдзянава

Сёньня, 9 сьнежня, у Менску на пасяджэньні Цэнтравыбаркаму плянуецца разгледзець заявы з патрабаваньнем скасаваць рэгістрацыю кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. А таксама разгледзець звароты кандыдатаў Уладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава, датычныя таго, каб ім далі дадатковы эфір для выступаў.

Сябра Менскага выбаркаму Галіна Сямдзянава і сустаршыня кампаніі “За свабодныя выбары” Сяргей Калякін накіравалі ў Цэнтравыбаркам заявы. У іх яны прыводзяць факты, якія сьведчаць пра парушэньні кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Лукашэнкам выбарчага заканадаўства. Сяргей Калякін патлумачыў:

"Лукашэнка правёў сустрэчу са сваімі даверанымі асобамі ў працоўны час і ў будынку адміністрацыі прэзыдэнта, што немагчыма па Выбарчым кодэксе. Тым самым ён парушыў роўнасьць, якая павінна існаваць паміж кандыдатамі. Па-другое, ён выкарыстоўвае адміністратыўны рэсурс, бо яго падначаленыя ў працоўны час займаліся яго выбарчымі пытаньнямі. Па-трэцяе, іншыя кандыдаты ня маюць магчымасьці праводзіць у будынку адміністрацыі прэзыдэнта сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі. Гэта ўсё забараняе Выбарчы кодэкс, і таму там прадугледжана такое пакараньне як зьняцьцё кандыдата, які гэта парушае, з выбарчай кампаніі".

Спадар Калякін таксама згадвае пра іншыя парушэньні каманды Лукашэнкі, калі дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы падаваў ня ён асабіста, а Аляксандар Радзькоў, кіраўнік групы па зборы подпісаў.

Аналягічную заяву з патрабаваньнем скасаваць рэгістрацыю Лукашэнкі падала ў ЦВК і Галіна Сямдзянава.

"Я наогул стаўлю пытаньне аб тым, ці можна тое, што ў нас адбываецца, назваць выбарамі? І канкрэтна прывяла прыклады таго, як адбывалася, і гэта паказалі па тэлебачаньні, сустрэча кандыдата ў прэзыдэнты з даверанымі асобамі, якая праходзіла ў адміністрацыі прэзыдэнта. Ці можа іншы кандыдат такімі самымі ўмовамі скарыстацца? Гэта ёсьць парушэньне артыкула 73-га — выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і парушэньне Выбарчага кодэксу. Нарэшце, дайшла чарга разгледзіць маю скаргу, бо я ўжо напісала столькі скаргаў, што ўжо рука баліць".

Кандыдаты Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў патрабуюць ад ЦВК дадатковага эфіру для выступаў. У іх камандах лічаць, што Лукашэнкі на тэлебачаньні нашмат больш, чым астатніх. Кіраўнік штабу Саньнікава Ўладзімер Кобец адзначыў:

Уладзімер Кобец
"Падчас сустрэчы з выбарцамі Саньнікаў і Някляеў падпісалі зварот да ЦВК з патрабаваньнем даць дадатковы наўпроставы эфір. Гэта зьвязана з тым, што па афіцыйных каналах суадносіны ўсіх разам узятых незалежных кандыдатаў з афіцыйным проста камічныя. Увесь эфір запоўнены афіцыйным кандыдатам і матэрыяламі пра яго. Таму прылюдна быў падпісаны такі зварот, а потым ужо былі пададзены заявы ад Някляева і ад Саньнікава".

Прадстаўнік штабу Някляева Андрэй Дзьмітрыеў дадае:

Андрэй Дзьмітрыеў
"Мы разумеем, што сёньня няма роўнасьці ў магчымасьцях прадставіць сваю пазыцыю выбарцам паміж Лукашэнкам і астатнімі кандыдатамі. Мы патрабуем, каб ЦВК забясьпечыў хаця б на гэтыя два тыдні магчымасьць кандыдатам выступіць перад выбарцамі. У нас няма ня тое што роўных умоваў. Напрыклад, нам адмовілі ўсе FM-станцыі і тэлебачаньне ў разьмяшчэньні нават рэклямы, за якую мы гатовы заплаціць з выбарчага фонду. Бо яны баяцца гэта рабіць".

Якім рашэньнем скончыцца разгляд заяваў, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік прагназаваць ня ўзяўся.