Праляскоўскі абяцае ўрэгуляваць інтэрнэт-СМІ ў 2011 годзе

Міністар інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі лічыць неабходным увесьці рэгістрацыю сеткавых СМІ.

"Пакуль афіцыйна інтэрнэт-СМІ — гэта ня сродкі масавай інфармацыі. Гэта блогеры, магчыма, але пакуль не журналісты. Я думаю, што ў наступным годзе пастановай ураду мы гэтае пытаньне вырашым", — заявіў Праляскоўскі падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БелТА.

Гэтак ён адказаў на пытаньне, што рабіць прэс-сакратарам дзяржаўных арганізацый і ведамстваў у сытуацыі, калі "журналісты інтэрнэт-сайтаў, якія не атрымалі рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі, спрабуюць акрэдытавацца на афіцыйныя мерапрыемствы".

Паводле міністра, у Беларусі "няма такога паняцьця, як інтэрнэт-СМІ. У нас ёсьць ацэначная норма ў законе, якую мы пакуль не рэалізавалі".