Пераможцаў узнагародзілі ў аршанскім музэі Караткевіча

Экскурсія па музэі Уладзімера Караткевіча ў Віцебску.

28 лістапада віцебская філія Саюзу беларускіх пісьменьнікаў узнагародзіла пераможцаў моладзевага літаратурнага конкурсу, які праводзіўся да 80-годзьдзя Уладзімера Караткевіча.

Экскурсію для маладых пісьменьнікаў і паэтаў, а таксама іхных старэйшых калег з СБП правяла Галіна Юркевіч, дырэктарка музэю Уладзімера Караткевіча.

Шмат хто з прысутных пабываў тут упершыню, бо ў конкурсе маладых літаратараў бралі ўдзел ня толькі жыхары Віцебшчыны. Паводле паэткі Леры Сом, якая ачольвала журы, творчыя працы былі дасланыя і зь Менску, і з Магілёва, і з Берасьця, і з Вільні.

Лера Сом адзначыла, што творы даслалі 28 аўтараў, а з вілейскай гімназіі №1 прыйшла калектыўная падборка вучнёўскіх вершаў з фотаздымкамі юных паэтаў і аповедам пра дзейнасьць тамтэйшай літаратурнай суполкі. У гэтую гімназію ўзнагароды адправяць па пошце, бо ў Воршу ніхто адтуль прыехаць ня змог. А тых, хто здолеў дабрацца, павіншавалі ў музэйнай залі: пераможцы конкурсу атрымалі ў падарунак кнігі.

Пераможцамі былі прызнаныя аўтаркі апавяданьняў Сьвятлана Шычко за апавяданьне "Ведзьміна лазьня", Дар'я Шубіна за апавяданьне "Прыгоды Касі Ашуркевіч у дарослай паліклініцы" і Ірына Лобан за нізку вершаў.

Усе найлепшыя творы маладых аўтараў будуць апублікаваныя, паабяцаў пісьменьнік Франц Сіўко, адзін з арганізатараў конкурсу.

Пасьля ўзнагароджаньня адбыліся і невялікія літаратурныя чытаньні. Свае творы прачыталі і пачаткоўцы, і сталыя літаратары, а паэты Алена Гінько і Міхась Мірановіч падарылі музэю Караткевіча зборнікі сваіх вершаў.

Паэтка Лера Сом абвяшчае пераможцаў

Падарункі атрымлівае Ірына Лобан

Вершы чытае ўдзельнік конкурсу Алесь Замкоўскі