В.Стужынская: Лібэралізацыі візавага рэжыму можа спрыяць дэмакратызацыі

Госьця "Начной Свабоды" – Вольга Стужынская, дырэктар няўрадавай арганізацыі "Офіс за дэмакратычную Беларусь", якая месьціцца ў Брусэлі. Гутарка зь ёй ідзе пра сумесны прамежкавы плян для Беларусі, які краіны Эўразьвязу пачалі абмяркоўваць, і тэма спрашчэньня візавага рэжыму і рэадмісіі. Гэтыя навіны прывёз з сабою ў Менск і публічна абвясьціў эўракамісар Штэфан Фюле, які 15 лістапада знаходзіўся з аднадзённым візытам у Беларусі.

Знаткевіч: На што могуць разьлічваць беларусы ў выніку перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму?

Стужынская: Па-першае, самі перамовы яшчэ не пачаліся. Як было сказана ў заяве Рады Эўразьвязу 25 кастрычніка, Рада чакае прапановаў Эўракамісіі для атрыманьня мандату на пачатак гэтых перамоваў. 12 лістапада Эўракамісіі падрыхтавала і перадала ў Раду свае прапановы, якія зараз павінна зацьвердзіць Рада і даць мандат на пачатак перамоваў па так званай візавай фасілітацыі і рэадмісіі. Практычна гэта значыць, што калі гэты дыялёг пойдзе з посьпехам, то грамадзяне Беларусі будуць плаціць не 60 эўра за шэнгенскую візу, як зараз, але 35. Таксама будзе выдавацца большая колькасьць шматразовых візаў. Могуць быць скасаваныя візы для такіх катэгорыяў як студэнты альбо пэнсіянэры. Але прыняцьце дамовы па візавай фасілітацыі і рэадмісіі не здымае візавага рэжыму як такога.

Знаткевіч: Ці павінны эўрапейскія палітыкі неяк увязваць пытаньне візаў з патрабаваньнямі па дэмакратызацыі?

Стужынская: Я думаю, што візавае пытаньне не павінна быць у гэтым сьпісе ўмоваў для разьвіцьця стасункаў, палітычных умоваў для разьвіцьця стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. На мой погляд, скасаваньне візавага рэжыму і лібэралізацыі візавага рэжыму наадварот можа служыць інструмэнтам, з дапамогай якога дэмакратычныя каштоўнасьці могуць прасоўвацца ў Беларусь. Чым больш людзе будзе езьдзіць у краіны Эўразьвязу, тым больш яны могуць бачыць прыклады дэмакратычна разьвітых краінаў, разумець дэмакратычныя працэсы, а таксама прывозіць іх частку дадому.

Слухаць перадачу цалкам: