“За Лукашэнку не расьпісваўся, каб была канкурэнцыя”

Сёньня — апошні дзень збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Ці падпісаліся вы за каго-небудзь? Адказвалі жыхары Магілёва.
Спадар: «Саньнікаў, Някляеў, Міхалевіч, Кастусёў, а пікетоўцаў Раманчука не было. Мне не падабаецца ўлада Лукашэнкі».

Карэспандэнт: «Шанцы ў іх ёсьць перамагчы Лукашэнку ці не?»

Спадар: «На дадзены момант — не. У нас рэальна выбары фальшуюцца».

Спадарыня: «За Някляева. Як за літаратара. Я настаўніца беларускай мовы й літаратуры. Творчасьцю Някляева заўсёды захапляюся. У мяне ён выклікае давер як асоба».

Спадар: «Не. Я ня ведаю тых кандыдатаў. Ня чуў пра іхную дзейнасьць ня толькі як кандыдатаў, але і як палітычных дзеячаў».

Спадарыня: «Так, расьпісвалася. За Міхалевіча. Малады, добрая праграма антыкрызісная. Няхай маладыя паспрабуюць свае сілы».

Спадарыня: «За Саньнікава. Чалавек ён інтэлігентны. Высокаінтэлектуальны. Ведае тры мовы замежныя. Я мяркую, што прэзыдэнтам ён быў бы добрым. Вартым».

Спадарыня: «Не расьпісваліся, ня ставілі. Няма кандыдата, за якога хацелася б паставіць подпіс. Мы ня пойдзем галасаваць».

Спадар: «Някляеў мне неяк падабаецца. Ёсьць новая хваля. Ёсьць нешта сьвежае. „Гавары праўду“ нейкая. Ну за каго яшчэ? Лукашэнку? Ну, Лукашэнка — гэта Лукашэнка. Зь яго хопіць. Апазыцыю? Ну што там апазыцыя? Між сабой мітусяцца».

Спадар: «Ні за кога. У нас адзін прэзыдэнт, які больш нікога не прапускае. У шоў удзельнічаць жаданьня няма».

Спадар: «За Лукашэнку. Стабільнасьць у краіне. Захаваў усе прадпрыемствы. Усё ў нас працуе. У нас беспрацоўя такога няма, як у суседніх краінах».

Спадар: «Так, падпісваўся. Толькі ня памятаю, за каго. На працы расьпісваўся. Там жа людзі бегаюць простыя — вы ж ведаеце».

Карэспандэнт: «Расьпісваліся не за Лукашэнку?»

Спадар: «Не».

Карэспандэнт: «А чаму не за Лукашэнку?»

Спадар: «Каб у нас, як у іншых людзей, была канкурэнцыя прэзыдэнтаў».

Спадар сталага веку: «Не, не расьпісваўся, бо, як правіла, у нас усе падманваюць. Падышоў да адных, але ў іх не было зьвестак пра таго чалавека. Гэты лад мне таксама крыху надакучыў. Новага нечага хочацца. Новы чалавек жа патрэбны. Нейкі акадэмік, доктар юрыдычных навук, гаспадарнік добры».