Дуня Міятавіч: Плюралізм у СМІ адсутнічае

"Плюралізм у СМІ адсутнічае і застаецца пад пагрозай у інтэрнэце", — заявіла прадстаўніца АБСЭ па пытаньнях СМІ Дуня Міятавіч.

Міятавіч, якая знаходзіцца зь візытам у Менску, наведала рэдакцыі шэрагу мэдыяў, сустракалася з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, Міністэрства інфармацыі і ЦВК.

Прадстаўніца АБСЭ заклікала спыніць адміністрацыйнае ўмяшаньне ў мэдыйную сфэру. "Неабходна прыняць захады дзеля падтрымкі СМІ з тым, каб не было практыкі падпарадкаваньня мас-мэдыяў урадавым структурам", — адзначыла Дуня Міятавіч.

"Журналісты не павінны сядзець у турме за прамоўленае ці напісанае слова. Для высьвятленьня спрэчных сытуацыяў існуе шмат іншых спосабаў", — падкрэсьліла Міятавіч.

"Добры крок — заяўленыя тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты. Але паколькі яны будуць адбывацца ў запісе, важна, каб яны не падлягалі рэдагаваньню", — заявіла прадстаўніца АБСЭ.

Дуня Міятавіч таксама паведаміла, што ў размове зь міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім заклікала спрасьціць працэдуру акрэдытацыі для замежных журналістаў, бо "зараз яна выкарыстоўваецца як інструмэнт, які ўскладняе працуе журналістаў".