Польшча і Швэцыя – за пэрспэктыву Беларусі ў Эўразьвязе

Міністры замежных справаў Польшчы і Швэцыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт лічаць, што Эўрасаюз мусіць даць "пэрспэктыву пашырэньня" для краін-удзельніц праграмы “Усходняе партнэрства”: Азэрбайджана, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Як паведамляе "EUobserver" , пра гэта ідзе гаворка ў сумесным лісьце двух міністраў, які адрасаваны кіраўніцы зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан і камісару ЭЗ у пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі суседзтва Стэфану Фюле.

Паводле кіраўнікоў МЗС Швэцыі і Польшчы, згаданыя краіны — зьяўляюцца эўрапейскімі, і таму ў адпаведнасьці з правіламі ЭЗ маюць права прэтэндаваць на сяброўства ў Зьвязе.

Пры гэтым Р. Сікорскі і К. Більт адзначылі, што для сяброўства ў ЭЗ шэсьць краін-усходніх суседзяў павінны прыняць эўрапейскія правілы і стварыць заканадаўства, адпаведнае заканадаўству ЭЗ, прасоўвацца да стварэньня зоны свабоднага гандлю і ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму, а таксама прымаць удзел у іншых эўрапейскіх праектах, такіх як супрацоўніцтва ў вайсковай, праваахоўнай і міграцыйнай сфэрах.

Міністры таксама лічаць неабходным падзяліць фінансавы інструмэнт Эўрапейскай палітыкі суседзтва на дзьве часткі для супрацоўніцтва асобна з паўднёвымі і ўсходнімі суседзямі. На сёньняшні дзень з агульнага бюджэту ў 1,7 млрд эўра на ўсходніх суседзяў ЭЗ прыпадае толькі каля 600 млн эўра.

Разам з тым, міністры замежных справаў Польшчы і Швэцыі адзначаюць ў сваім лісьце, што найхутчэй ЭЗ не зможа запрасіць постсавецкія краіны да сяброўства на працягу бліжэйшых 10 гадоў.