Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі ЭЗ: зноў працягнуць і зноў замарозяць


Як паведамляе Euobserver , хутчэй за ўсё, Эўразьвяз у наступным месяцы працягне візавыя санкцыі супраць А.Лукашэнкі і 35 беларускіх чыноўнікаў яшчэ на 12 месяцаў, адначасна прыпыніўшы дзеяньне гэтых санкцыяў на год ці на 6 месяцаў.

Паводле выданьня, менавіта да такога схіляюць вынікі перамоваў дыпляматаў ЭЗ, якія адбываюцца ў гэтым месяцы.

Працяг санкцый закліканы адлюстраваць ацэнку, што ў Беларусі мала што зьмянілася ад часу апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе. Зь іншага боку, тое, што санкцыі фактычна ня ўводзяцца ў дзеяньне, ёсьць адбіткам зьменаў у зьнешняй палітыцы Эўразьвязу, якія адбыліся з пачаткам праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Зьвяз імкнецца пакінуць адкрытыя дзьверы да паляпшэньня адносін з Беларусьсю ў мэтах абароны яе незалежнасьці ад Расіі.

Эксцэнтрычны спадар Лукашэнка зьяўляецца аб’ектам змрочных жартаў. Адзін з дыпляматаў ЭЗ пракамэнтаваў інфармацыю, што Лукашэнка напачатку гэтага году нібыта лячыўся ў Швэйцарыі ад раку прастаты: “Мы не глядзелі ў яго прастату, таму ня ведаем напэўна”. Але Зьвяз ня бачыць альтэрнатыўных партнэраў для вядзеньня справаў зь Менскам.

Хутчэй за ўсё, працяг санкцый істотна не паўплывае на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца 19 сьнежня..

Чыноўнікі ЭЗ і адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч лічаць, што Лукашэнка перамог бы на выбарах зь лікам 50-60%, нават калі б ён сёньня зьняў абмежаваньні на дзейнасьць СМІ і падлік галасоў быў бы свабодным і справядлівым.

Аляксандар Мілінкевіч, кандыдат у прэзыдэнты ў 2006 годзе, кажа, што папулярнасьць прэзыдэнта грунтуецца на яго жорсткім кантролі над СМІ ў апошнія 5 гадоў і на высілках спэцслужбаў па дэзарганізацыі апазыцыйнага лягеру. "Мы павінны былі б мець палітычную свабоду, па меншай меры, за 2-3 гады да выбараў, каб атрымаць іншы вынік. Тады, я веру, Лукашэнка б атрымаў ня больш за 20%,” – заявіў спадар Мілінкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG