Расея будзе дапамагаць Беларусі вырашаць праблему правоў чалавека

Адносна сумеснай беларуска-расейскай камісіі па правах чалавека, якая працавала пры Савеце, спадар Фядотаў сказаў карэспандэнту "Свабоды":

"Я нічога ня ведаю аб працы гэтай сумеснай камісіі. Але, калі яна існавала, то я ня бачу ніякіх прычынаў, каб яна не працягвала працу. Бо ў нас праблемы агульныя. У нас саюзная дзяржава зь Беларусьсю. І я лічу правільным, каб гэта камісія працягвала працу".

Міхаіл Фядотаў ня стаў даваць ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

"Калі я быў сакратаром саюзу журналістаў Расеі, я мог выказваць сваю думку больш свабодна. Цяпер я не магу выказвацца па гэтым пытаньні, бо гэта можа быць успрынята, як умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі. Я гэтага не хацеў бы. Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застанецца ў полі нашай увагі, але ня ў полі ўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Можаце не сумнявацца, мы будзем дапамагаць Беларусі вырашаць праблему правоў чалавека. Абавязкова будзем дапамагаць. Але не праз умяшаньне ва ўнутраныя справы ".