Беларусь адзіная ў Эўропе карае сьмерцю

10 кастрычніка па ўсім сьвеце адзначаецца Сусьветны дзень барацьбы са сьмяротнай карай. Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая працягвае ўжываць сьмяротнае пакараньне.

10 кастрычніка па ўсім сьвеце адзначаецца Сусьветны дзень барацьбы са сьмяротнай карай. Гэтая дата заснавана па ініцыятыве Сусьветнай кааліцыі па забароне сьмяротнага пакараньня, у якую ўваходзяць больш за 38 праваабарончых арганізацый, у тым ліку "Міжнародная Амністыя", а таксама адвакацкія аб'яднаньні, прафсаюзы, мясцовыя і рэгіянальныя органы ўлады, якія аб'ядналіся, каб пазбавіць сьвет ад сьмяротнага пакараньня.

У 2010 г. Сусьветны дзень барацьбы са сьмяротнай карай адзначаецца ў восьмы раз. Гэтым разам цэнтрам увагі праваабаронцаў сталі ЗША.

У адпаведнасьці з прынятым сярод праваабаронцаў вызначэньнем, сьмяротнае пакараньне уяўляе з сябе наўмыснае пазбаўленьне жыцьця чалавека дзяржавай, і парушае права на жыцьцё, абвешчанае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Паводле справаздачы праваабарончай арганізацыі "Міжнародная Амністыя", апублікаванаму ў сакавіку 2010 г., у 2009 г. у 18 краінах сьвету пакаралі сьмерцю 714 чалавек; ня менш за 2001 чалавека былі прысуджаныя да вышэйшай меры пакараньня ў 56 краінах. Як адзначылі праваабаронцы, у гэтую статыстыку не ўключаны тысячы пакараньняў сьмерцю, якія з высокай доляй верагоднасьці былі праведзеныя ў Кітаі, паколькі падобныя зьвесткі там па-ранейшаму лічацца дзяржаўнай таямніцай.

Як паказалі дасьледаваньні, краіны, у якіх прысуды ўсё яшчэ прыводзяць у выкананьне, зараз зьяўляюцца хутчэй выключэньнем, чым правілам. Акрамя Кітаю, найбольшая колькасьць выпадкаў пакараньняў сьмерцю адзначаная ў Іране (дзе пакарана ня менш за 388 чалавек), Іраку (не менш за 120 чалавек), Саудаўскай Арабіі (ня менш за 69 чалавек) і ЗША (52 пакараных).

На думку праваабаронцаў, дадзеныя за 2009 г. таксама сьведчаць і аб тым, што сьвет працягвае рухацца ў кірунку поўнага адмаўленьня ад сьмяротнага пакараньня. Колькасьць краінаў, што скасавалі выключную меру пакараньня ў сваім заканадаўстве, узрасла да 95. Да іх далучыліся Бурундзі і Тога: у абодвух дзяржавах вышэйшая мера пакараньня зараз цалкам адмененая.

У 2009 г., упершыню з тых часоў, як "Міжнародная Амністыя" пачала весьці статыстыку, у Эўропе не прывялі ў выкананьне ні аднаго сьмяротнага прысуду. Беларусь застаецца адзінай краінай у рэгіёне, якая працягвае ўжываць сьмяротнае пакараньне. Нягледзячы на тое, што ў 2009 г. у Беларусі не прывялі ў выкананьне ні аднаго сьмяротнага прысуду, у сакавіку 2010 г. дзяржава пакарала сьмерцю двух чалавек.

У суседняй Расеі 16 траўня 1996 г. прэзыдэнтам РФ Барысам Ельцыным быў выдадзены ўказ "Аб паэтапным скарачэньні ўжываньня сьмяротнага пакараньня ў сувязі з уваходжаньнем Расеі ў Раду Эўропы". Са жніўня 1996 г. у адпаведнасьці з гэтым указам прысуды да сьмяротнага пакараньня ў выкананьне не прыводзяцца.

Статус спэцзапрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ня можа быць адноўлены для Беларусі, пакуль тая не ўвядзе мараторый на сьмяротнае пакараньне.

А зусім нядаўна, напярэдадні Сусьветнага дня барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой Беларусь і ЗША неадкладна заклікаюцца ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

У рэзалюцыі зазначаецца, што Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе па-ранейшаму ўжываюць сьмяротную кару, нягледзячы на тое, што Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы і Эўрапейскі Зьвяз неаднаразова заклікалі Беларусь адмяніць гэты від пакараньня.