Дырэктара “Віцебскага кур’ера” будуць судзіць

Лёзьненская міліцыя вызваліла дырэктара незалежнай газэты «Віцебскі кур’ер» Віктара Рамнёва. Ён быў затрыманы без тлумачэньня прычын па дарозе са Смаленску, калі вёз з друкарні сьвежы нумар газэты.

Віктара Рамнёва будуць судзіць 12 кастрычніка паводле артыкула Адміністрацыйнага кодэксу аб незаконным перавозе і незаконным распаўсюдзе газэты. 11-тысячны наклад выданьня канфіскаваны.

Адна з заснавальніц «Віцебскага кур’еру» Вольга Карач мяркуе, што затрыманьне зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі, бо газэта праводзіць адмысловую акцыю для кандыдатаў у прэзыдэнты: адна паласа кожнага нумару прапанавана для выступу кожнага з прэтэндэнтаў. Ужо было надрукавана сем інтэрвію. У затрыманым нумары было два такія выступы: Юрыя Глушакова і Сяргея Рыжова.

Вольга Карач таксама паведаміла, што днямі да яе сваякоў наведаліся супрацоўнікі міліцыі. Іх цікавіла, дзе яна.