Гарбачоў: бізнэсоўцы могуць не прагаласаваць "за ўладу"

Віктар Гарбачоў

Індывідуальныя прадпрымальнікі сабралі больш за 8 тысячаў подпісаў пад патрабаваньнем адклікаць ухвалены Нацыянальным сходам законапраект "Аб разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу".

Подпісы будуць перададзеныя ў Адміністрацыю прэзыдэнта, паведаміў кіраўнік арганізацыйнага камітэту "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў.

Гарбачоў кажа, што "толькі 15% зьместу закону адпавядаюць рэчаіснасьці. Астатняе — састарэла, і перашкаджае разьвіцьцю бізнэсу".

Прадпрымальнікі заклікаюць улады прыняць новы закон з улікам іхных меркаваньняў.

Калі гэтага не адбудзецца, "ніхто з прадпрымальнікаў галасаваць за ўладу ня будзе".

У Беларусі зарэгістравана 235 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Разам зь сем'ямі гэта 1 мільён чалавек.

На сустрэчы з журналістамі Гарбачоў зьвярнуўся да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з просьбай " ня ўпісваць гэты мільён за Лукашэнку".

Віктар Гарбачоў таксама зрабіў публічную заяву: "Я — Віктар Гарбачоў і мае родныя не зьбіраемся цягам гэтай кампаніі скончваць жыцьцём самагубствам".

Свой зварот ён адрасаваў "маладым і старым ваўкам".

Больш дэталёва патлумачыць матывы сваёй заявы Гарбачоў адмовіўся.

На прэсавай канфэрэнцыі прысутнічаў патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, які падпісаў заяву, каб падтрымаць прадпрымальнікаў.