Спэцыяльнай акрэдытацыі журналістаў на выбары ня будзе

МЗС Беларусі не плянуе праводзіць адмысловую акрэдытацыю замежных журналістаў на прэзыдэнцкія выбары.

Пра гэта заявіў прэсавы сакратар ведамства Андрэй Савіных.


Паводле ягоных слоў, у Беларусі на сталай аснове працуе каля 220 журналістаў замежных СМІ, якія маюць пастаянную акрэдытацыю. Акрамя таго, штомесяц з просьбай атрымаць акрэдытацыю ў зьнешнепалітычнае ведамства зьвяртаецца ад 30 да 40 прадстаўнікоў замежных мэдыяў.

Такім чынам, лічыць прадстаўнік МЗС, няма неабходнасьці праводзіць спэцыяльную акрэдытацыю замежных СМІ на прэзыдэнцкія выбары.

Прадстаўнікі замежных СМІ могуць атрымаць у МЗС кароткачасовую акрэдытацыю на тэрмін да 2 месяцаў,-- патлумачылі ў прэсавай службе МЗС.

Большасьць замежных журналістаў, якія хочуць асьвятляць выбарчыя кампаніі, звычайна так і робяць. На выбарах 2006 года было акрэдытавана 550 замежных журналістаў, тады таксама ніякай спэцыяльнай акрэдытацыі не праводзілася.

У выпадку калі замежны журналіст прыедзе ў Беларусь працаваць безь акрэдытацыі, яму пагражае затрыманьне і дэпартацыя. Такія выпадкі ў часе мінулых выбарчых кампаніяў былі.