Парты Латвіі зацікаўленыя ў перавалцы вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь

Парты Латвіі зацікаўленыя ў перавалцы нафты, якая паступае з Вэнэсуэлы ў Беларусь. Пра гэта заявіў сёньня журналістам міністар шляхоў зносін Латвіі Каспарс Герхардс, які браў удзел у пасяджэньні міжурадавай камісіі па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, якое завершылася сёньня ў Менску.

Паводле міністра, латвійскія прадпрыемствы гатовыя супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў гэтым напрамку і прапануюць свае ўмовы.

«Зацікаўленасьць сапраўды ёсьць у нашых прадпрымальнікаў як у Вэнтспілскім, так і ў Рыскім партах. Цяпер абодва парты рыхтуюцца для выкананьня праектаў», — прыводзіць словы Герхардса БелТА.

Пры гэтым Каспарс Герхардс дадаў, што канчатковы выбар варыянту транспартаваньня нафты застаецца за Беларусьсю.