Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі: Беларусь зацікаўлена ў перавалцы нафты праз латвійскія парты


Сяргей Сідорскі
Сяргей Сідорскі

Беларусь зацікаўленая ў арганізацыі перавалкі нафты і павелічэньні аб'ёму перавалкі нафтапрадуктаў праз парты Латвіі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі на прэс-канфэрэнцыі ў Рызе.

"Мы ня ўтойваем, што ёсьць некалькі напрамкаў, пэрспэктыўных для нас, па перавалцы нафты. Гэта Адэса — паўднёвы напрамак з выхадам на Азію, Індыю і іншыя краіны гэтага рэгіёна, і паўночны напрамак — расейскія парты і парты Балтыі. Мы вывучылі канкурэнтаздольнасьць партоў Вэнтспілса і Рыгі па прыёме нафты і нафтапрадуктаў, усё залежыць толькі ад канкурэнтаздольных умоваў ", — сказаў С.Сідорскі, як перадае "Інтэрфакс".

Нядаўна Беларусь ажыцьцявіла пробную пастаўку вэнэсуэльскай нафты праз порт Вэнтспілс, і цяпер яна транспартуецца ў Беларусь. Кіраўнік беларускага ўраду прызнаў, што раней краіне было нявыгадна перавальваць свае экспартныя грузы праз порт Вэнтспілс.

"Мы правялі вялікую працу, разгледзелі транспартнае плячо, чыгуначныя паслугі, паслугі стывідорскіх кампаніяў, тарыфы на апрацоўку суднаў", — дадаў Сідорскі.

Ён адзначыў, што раней Вэнтспілс па сваіх умовах саступаў Клайпедзе, аднак пасьля "бізнэс пайшоў на саступкі". Цяпер Беларусь перавальвае праз порт Вэнтспілса нафтапрадукты, экспартныя грузы прадпрыемстваў цяжкага машынабудаваньня і мэталюргіі.

Сідорскі таксама паведаміў, што падчас візыту ў Латвію ён плянуе наведаць Рыскі свабодны порт і з прадстаўнікамі беларускага і латвійскага бізнэсу азнаёміцца з умовамі па арганізацыі перавалкі нафты і нафтапрадуктаў. "Калі бізнэс скажа, што гэта добра, мы зробім усё магчымае, каб там працаваць больш актыўна", — адзначыў прэм'ер.

Паводле Сідорскага, Беларусь таксама зацікаўленая ў павелічэньні перавалкі праз латвійскія парты калійных угнаеньняў.

Ён адзначыў, што пытаньні павелічэньня перавалкі праз парты Латвіі нафтавых грузаў і калійных угнаеньняў будуць абмяркоўвацца на Міжнародным беларуска-латвійскім інвэстыцыйным форуме "Балтыйскі рэгіён — 2010", які адкрыўся сёньня ў Рызе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG