Гарадзенцы хвалююцца за рэстаўрацыю Каложы

Праектны эскіз рэканструктаванай Каложы.

Болей ста гарадзенцаў сабраліся сёньня на Грамадзкія слуханьні наконт рэстаўрацыі Калоскай (Барысаглебскай) царквы. Прадстаўнікі улады і праваслаўнай царквы, хоць і былі запрошаныя, удзелу ў слуханьнях ня бралі.

Генадзь Лаўрэцкі
Найперш заслухалі навуковага кіраўніка праекта Генадзя Лаўрэцкага, які выклаў сваё бачаньне і паказаў некалькі праектаў рэстаўрацыі царквы. Яго пазыцыя зводзіцца да таго, каб правесьці рэстаўрацыю і аднавіць храм у пэўным канкрэтным выглядзе.

Лаўрэцкі: «Ёсьць такі мэтад інтэрпаляцыі: калі выставіць усе помнікі гэтага часу, гэтага рэгіёну ў адну лінію, то мы убачым рысы агульныя для усіх помнікаў і на падставе гэтага робім абагульняючы сылюэт».

Андрэй Вашкевіч
Андрэй Вашкевіч, вядучы дыскусіі, гарадзенскі гісторык перакананы, што Каложа — гэта самы каштоўны наш помнік ня толькі ў пляне архітэктуры, але як канцэнтрацыя нашай гістарычнай духоўнасьці.

Вашкевіч: «Трэба захаваць максымальна тое, што ёсьць. Таму да праекту аднаўленьня ў такім варыянце з пэўнымі візантыйскімі дадаткамі я стаўлюся адмоўна».

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч згодзен з тым, што трэба правесьці ўсе неабходныя працы зьвязаныя з кансэрвацыяй аб’екту, але перакананы, што зараз нельга праводзіць рэстаўрацыі, паколькі ў Беларусі няма спэцыялістаў, якія здольныя гэта зрабіць.

Алесь Краўцэвіч
Краўцэвіч: «Ніхто ня ведае, як выглядала завяршэньне гэтае царквы. Тое, што мы мае на малюнках — гэта толькі фрагмэнты сьценаў. І што не прыдумалі, як бы не дапасавалі — гэта будзе толькі фантазіі. І любы адукаваны чалавек будзе гэта разумець. Гарадзенская архітэктурная школа — гэта унікальная школа ва усім Усходнеславянскім сьвеце, іншай такой няма».

Гарадзенскі гісторык архітэктуры, Ігар Трусаў, заўважыў, што парушаецца мэтодыка рэстаўрацыйных працаў.

Трусаў: «Трэба усё ж прытрымлівацца мэтодыкі, спачатку правесьці археалягічныя дасьледаваньні, удакладніць геалёгію, бо на умацаваньне берага былі патрачаныя мільярды рублёў — можа гэта усё дарма рабілі і забівалі тыя сваі. Галоўнае — захаваць тое, што засталося і не нашкодзіць».

Вячаслаў Чарнатаў
Вячаслаў Чарнатаў, дацэнт катэдры архітэктурнага факультэта БНТУ найперш адзначыў, што вакол Каложы ўжо зараз неабходна стварыць пэўны сэрвіс, як гэта і робіцца на Захадзе побач з помнікамі такога значэньня. А што датычыць рэканструкцыі:

Чарнатаў: «Думаю, што трэба дадатковыя абсьледаваньні правесьці і калі мы дасягнем маёлікі такога складу, якая там, то трэба паднавіць і на гэтым прыпыніцца, закансэрваваць».

Лаўроўская Ірэна — доктар мастацтвазнаўства ў галіне урбаністыкі і архітэктуры, дасьледніца гісторыі і архітэктуры Берасьця, выказала нечаканую думку: са знаёмства з праектам рэканструкцыі яе найболей зацікавіла, што за гэтым крыецца стварэньне цэлага праваслаўнага комплексу

Лаўроўская: «Я думаю, што гэты падман, які нам зараз укідваюць ідэолягі гэтага праекту гэтую балючую тэму Каложы толькі для таго, каб прыўласьціць кавалак зямлі ў цэнтры Горадні. І тут балюча таму што я ведаю, чым гэта можа скончыцца».