У грамадзкім транспарце затрымліваюць "за палітыку"

21 верасьня сябра незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Эдуард Лобаў паскардзіўся ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску. Лобаў просіць пакараць міліцыянтаў, якія затрымалі яго ў тралейбусе за тое, што ён распавядаў пра прэзыдэнцкія выбары.

Як сьцьвярджае Лобаў, размова з пасажырамі пачалася з пытаньняў пра тое, што азначае нашыўка “Малады Фронт” на ягонай куртцы.

"Далей ужо некаторыя цікаўныя пасажыры пачалі запытвацца мяне пра выбары і палітычную сытуацыю ў Беларусі (…) Большасьць пачала абурацца фальшаваньнямі выбараў і нэгатыўна ацэньваць Лукашэнку", — распавядае юнак.

Кандуктар вылікаў міліцыю.

"Даставілі ў апорны пункт Маскоўскага раёну. Потым завезьлі на алькагольную экспэртызу, а адтуль — у РАУС Маскоўскага раёну. Там у мяне ўзялі тлумачэньне на прадмет размоваў у траспарце, узялі адбіткі пальцаў і праз тры гадзіны вызвалілі", — цытуе словы Лобава прэсавая служба “Маладога фронту”.