“На лёс мы скардзіцца ня сьмеем, бо прэзыдэнт задужа здатны і ў прэзыдэнцтве, і ў хакеі”

Пачатак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.
Афіцыйныя сацыялягічныя службы заяўляюць, што ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах прымуць 90% выбарнікаў, а 78% зь іх аддадуць свае галасы дзейнаму кіраўніку краіны. Выказваньні слухачоў:

Спадарыня: “Ад Лукашэнкі і ад Ярмошынай трэба патрабаваць, каб правялі выбары такія, як правёў Юшчанка. І тады паглядзім, колькі за Лукашэнку будзе, а колькі супраць. Каб не было хлусьні”.

Спадар: “Апазыцыі ёсьць сэнс удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах толькі ў тым выпадку, калі іх прадстаўнікі будуць уключаны ў склад участковых выбарчых камісій, а ня толькі ў склад назіральнікаў, для забесьпячэньня сумленных выбараў”.

Спадарыня: “Разьвесяліў званок адной жанчыны. Яна сказала, што жанчыны будуць галасаваць за Лукашэнку. Чаму жанчыны? Можа таму, што побач зь ім няма жонкі? Памыляецеся, спадарыня. Жанчыны даўно ўжо мараць бачыць прэзыдэнтам Беларусі свайго беларускага Гавала”.

Спадар: “Праз нашы галовы, нашу цярплівую абыякавасьць ён мае намер на яшчэ адзін тэрмін прэзыдэнцтва. Колькі ж нам яго яшчэ цярпець! Досыць зьдзекавацца з нас! Ужо і за розум пара ўзяцца нам, браткі-беларусы!”

У наступных тэлефанаваньнях на тэму прэзыдэнцкіх выбараў слухачы выказваюцца пра магчымых кандыдатаў на пасаду кіраўніка краіны:

Спадар: “Мы вельмі просім асьмеліцца пана Сідорскага, каб ён сябе заявіў, як будучы прэзыдэнт Беларусі. Ён мае добрыя стасункі з Эўразьвязам і з Расеяй, мы яго вельмі просім”.

Спадар: “Хутка выбары, а ад апазыцыі так і не зьявіўся сур’ёзны супернік прэзыдэнту Лукашэнку, як і ў папярэднія разы”.

Уладзімер Зьвернік: “Яраслаў Раманчук — гэта вельмі дасьведчаны эканаміст-навуковец, да таго ж добры аналітык. Вось мне і падумалася: гэта якраз і ёсьць паўнапраўны сябра каманды, патрэбнай прэзыдэнту для ўсталяваньня парадку ў эканамічнай сфэры Беларусі. Больш за тое, я б прапанаваў ягоную кандыдатуру на пасаду кіраўніка той самай каманды. Дапаможам прэзыдэнту!”

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Лявонцій: “А ён мудрэц! Паставіў карту на талерантнасьць беларусаў, бо добра ведаў, чаго мы вартыя. А вартыя мы — жыць пад прымусам. Усё ў нас добра і выдатна, на лёс мы скардзіцца ня сьмеем, бо прэзыдэнт задужа здатны і ў прэзыдэнцтве, і ў хакеі. Ён, хто сябе нястрога судзіць, прыхільнік гвалту і навацый, рашыў, што не хапае людзям арэн спартыўных і палацаў. А ці галодны ты, ці сыты, яму ніколі не цікава, нам спорт — замест ежы, нібыта. Такой прыдумцы — слава, слава!”

У эфіры “Званкі на Свабоду”. Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.