Лукашэнка не павіншаваў Мядзьведзева?

Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў

У прэзыдэнцкай прэсавай службе не падалі інфармацыі, ці павіншаваў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка з днём народзінаў прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.
Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі сказаў карэспандэнту "Свабоды", што "будзе захоўваць на гэты конт маўчаньне, бо далёка не заўсёды дакумэнты ідуць у прэс-службу". Ён устрымаўся ад камэнтароў і не падаў інфармацыі па гэтым пытаньні. Спадар Лёгкі параіў пацікавіцца ў прэсавай службе прэзыдэнта Расеі.

У прэсавай службе прэзыдэнта Расеі сказалі, што калі б віншаваньне было, то яно было б на сайце.

Паводле сайту прэзыдэнта Расеі, на адрас Дзьмітрыя Мядзьведзева паступілі шматлікія віншаваньні з днём нараджэньня ад лідэраў замежных краін.

Сярод віншавальнікаў — прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян, прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, фэдэральны канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі.