У Эстоніі адкрылася першая ў краіне беларуская кляса

У гімназіі эстонскага гораду Кохтла-Ярвэ адкрылася першая беларуская кляса, паведамляе БелаПАН. У клясе 20 школьнікаў ў веку ад 10 да 18 гадоў, дзеці беларусаў Эстоніі. Асноўныя прадметы, якія яны вывучаюць — беларуская мова і беларусазнаўства. Заняткі праводзяцца ў форме факультатыву.

Настаўнікам у клясе працуе гісторык з Гомелю Дзьмітрый Панфіленка, які знаходзцца ў Эстоніі па эўрапейскай праграме абмену.

Міністэрства адукацыі Эстоніі падтрымала арганізацыю клясы, але яе стваральнікі спадзяюцца на дапамогу беларускай дзяржавы, паведаміў лідэр Кангрэсу новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША Павал Марозаў. У плянах дыяспары — адкрыцьцё беларускай нядзельнай школы ў Таліне.

Беларуская дыяспара ў Эстоніі — трэцяя па колькасьці нацыянальная меншасьць, налічвае прыкладна 17 тысяч чалавек. Асноўныя месцы пражываньня — Талін, Кохтла-Ярвэ, Марду, Нарва, Ыхвэ і Сіламяэ.