НТВ пакажа інтэрвію з Казуліным

Аляксандар Казулін.

Праграма "Без купюр". Інтэрвію з Аляксандрам Казуліным — кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь" пройдзе на расейскім тэлеканале НТВ 22 жніўня ў 22.45 менскага часу.

На пытаньне карэспандэнта "Нашай Нівы" ці будзе ён балятавацца ў прэзыдэнты зноў, Казулін адказаў ухіліста.

— Спадару Казулін, у праграме НТВ стаіць інтэрвію з «Аляксандрам Казуліным, кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь». Гэта азначае, што Вы рашылі балятавацца ў прэзыдэнты?


— (Сьмех у слухаўцы.) Можа быць, маецца на ўвазе экс-кандыдат?

— Дык Вы не рашылі?

— Зразумела.

— А што будзе ў праграме? Пра што была гаворка?

— Калі пакажуць, самі ўсё пабачыце.

— Там будзе нешта сэнсацыйнае?

— Пабачыце!



Аляксандар Казулін на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году быў кандыдатамі на пасаду кіраўніка Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка падчас разгону шэсьця на праспэкце Дзяржынскага і праз чатыры месяцы прысудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Адбываў пакараньне ў калёніі “Віцьба-3”. Пры канцы 2006 году 53 дні трымаў палітычную галадоўку – дамагаўся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і патрабаваў разгледзець стан з правамі чалавека ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН. У выніку галадоўкі зь ініцыятывы ўраду ЗША на паседжаньні Рады бясьпекі ААН было ўзьнятае пытаньне пра Беларусь. Міжнародная амністыя прызнала Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.