Антон Астаповіч – супраць гатэлю на Замкавай у Менску

Антон Астаповіч

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры выступіў з заявай адносна чарговых парушэньняў дзейнага заканадаўства аб ахове помнікаў на тэрыторыі гістарычнага цэнтру Менску.

У заяве Антона Астаповіча гаворыцца аб плянаваным будаўніцтве на вуліцы Замкавай гатэлю. Там па замове камунальнага ўнiтарнага прадпрыемства (КУП) “Мінская спадчына” і згодна з праектам творчай майстэрні архітэктара Б.Косьціча Будтрэстам № 1 распачатыя працы па пабудове новага гатэльнага комплексу. Пад афіцыйным тытулам праекту будоўля падаецца, як “Узнаўленьне помнікаў гісторыі і культуры 19 ст. – будынкаў №№ 25, 27-а па вул. Замкавай пад гасьцінічны комплекс”.

На думку Антона Астаповіча, распрацаваны і ўзгоднены праект, які цяпер рэалізуецца, нічога агульнага з нормамі дзеючага заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны ня мае. Ён, паводле старшыні Таварыства аховы помнікаў, зьяўляецца новым будаўніцтвам на тэрыторыі комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасьці і груба парушае арт. 27, 28, 36 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, арт. 6, 20 “Закона аб архітэктурнай, горадабудаўнічай, будаўнічай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь”, а таксама будаўнічыя нормы Беларусі, якія рэглямэнтуюць правядзеньне прац на матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасьцях Рэспублікі Беларусь.

У гэтай сувязі Антон Астаповіч просіць дзяржаўныя органы правесьці праверку дзейнасьць Міністэрства культуры, якое выдала адпаведныя дазволы.