"Нафтан" чакае нафту з Вэнэсуэлы

Наваполацкі "Нафтан" пачне атрымліваць вэнэсуэльскую нафту, якая прыбыла ў эстонскі порт Мууга, 29—30 ліпеня.

"Нафтан" пачне перапрацоўку, як толькі будзе назапашана дастатковая тэхналягічная партыя, перадае Інтэрфакс са спасылкай на Беларускую нафтавую кампанію.

Тэхналёгія перапрацоўкі будзе шмат у чым аналягічная той, якая прымяняецца на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Вэнэсуэльскую нафту перапрацоўваюць асобна ад беларускай і расейскай сыравіны. Перапрацоўка чарговай партыі пачынаецца, калі на заводзе зьбіраецца 6—7 тысяч тон нафты, якая прыбывае ў цыстэрнах чыгункаю. Чакаецца, што такі аб'ём нафты будзе дасягнуты на пачатку жніўня.

"Нафтан" гатовы да перапрацоўкі як тэхнічна, так і тэхналягічна.

Пяты па ліку танкер з вэнэсуэльскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт Мууга 23 ліпеня. Ён мае ёмістасьць 80 тысяч тон. Раней нафта паступала праз Адэскі порт на Мазырскі НПЗ.

Для перавозкі гэтай партыі будзе скарыстана 22—23 чыгуначныя саставы.

Беларуская нафтавая кампанія працягвае вывучаць магчымасьць перавалкі вэнэсуэльскай нафты праз порты Латвіі і Літвы, аднак канкрэтнае рашэньне яшчэ не прынятае.

У ліпені ў Беларусь плянуецца паставіць каля 320 тысяч тон нафты з Вэнэсуэлы.