Горадня: грунвальдзкая гадавіна па-літоўску

Да помніка Вялікаму князю ўскладаюць гірлянду

Гарадзенскія літоўцы 24 ліпеня адзначылі 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы. Яны аздобілі літоўскімі сьцяжкамі драўляную статую Вялікага князя Вітаўта, які ўзначальваў войскі ВКЛ, затым усклалі гірлянду з дубовага лісьця. Абапал помніка стаялі рыцары з дзідамі.

Кіраўнік грумадзка-культурнага таварыства “Тэвінэ” Альгіс Дзіргінчус сказаў па-літоўску колькі словаў пра значэньне грунвальдзкай перамогі. Прысутныя прачыталі малітву з ксяндзом Казімірам Жылісам, які служыць у адным з гарадзенскіх касьцёлаў.

Статуя Вітаўта была ўсталяваная паміж Новым і Старым замкамі напачатку 1990-х гадоў. Гарадзенцам яе падараваў Літоўскі фонд культуры, на ёй зроблены надпіс на беларускай і літоўскай мовах. На ўрачыстасьці выступіла народная капэля з Друскенік, затым яна дала канцэрт на сцэне ў падворку Старога замку, збудаванага калісьці самім Вітаўтам.

На сьвята прыехаў з Вільні Арвідас Даўнаравічус — дырэктар дэпартамэнту па сувязах з літоўцамі замежжа МЗС Літвы. Прысутнічала таксама консул Даля Міцкене з літоўскага Генконсульства ў Горадні.

Альгіс Дзіргінчус запрасіў на сьвята прадстаўнікоў нацыянальна-культурных суполак, якія існуюць у Горадні.

Галава драўлянага Вітаўта

Ксёндз Казімір Жыліс і літоўская капэля з Друскенік